Актывісты АГП з Гародні за трансляцыю пасяджэнняў гарсавета
Актывісты Аб’яднанай грамадзянскай партыі з Гародні напісалі звароты дырэктару дзяржаўнага тэлеканала “ГроднаПлюс” і кіраўніцтву “Тэлерадыёкампаніі Гродна” пра трансляцыю пасяджэнняў Гарадзенскага гарвыканкама ў прамым эфіры гэтых каналаў.
Пра звароты да тэлекампаній распавядае актывіст гарадзенскай арганізацыі АГП, падпісант звароту, Ігар Банцар:
— Аб’яднаная грамадзянская партыя заўсёды выступала за адкрытыя, шчырыя, галосныя паводзіны і дзеянні ўсіх органаў улады. Таму мы падалі зварот у Гарадзенскае тэлебачанне з пытанням: чаму пасяджэнні Гарадзенскага гарадскога савета дэпутатаў не паказваюць у прамым эфіры? Бо жыхары і выбаршчыкі маюць ведаць, чым займаюцца дэпутаты, як яны абараняюць інтарэсы нас, выбаршчыкаў, і сваіх выбарчых акругаў.
Па словах грамадскага актывіста не вядома чым займаюцца на пасяджэннях гарсавета гарадскія дэпутаты
— Мне, напрыклад, незразумела, чым яны там займаюцца і ці займаюцца, ці проста тупа падымаюць руку без абмеркаванняў. Таму мы папрасілі ў звароце Гарадзенскае тэлебачанне, каб яны адказалі нам: ці ёсць у іх тэхнічная магчымасць праводзіць такія трансляцыі ў жывым эфіры.
У Гародні гэта ўжо не першы зварот з падобным патрабаваннем. 15 траўня актывіст прафсаюза РЭП Анатоль Мышкевіч стварыў петыцыю і збірае подпісы за тое, каб пасяджэнні гарвыканкама трансляваліся на афіцыйнай сайце ў адкрытым доступе.
Беларускае Радыё Рацыя