Актывісты апазіцыі абскардзілі адмову ў правядзенні акцыі ля опернага тэатра
Прадстаўнікі правацэнтрысцкай кааліцыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 13 сакавіка падалі скаргу ў суд Маскоўскага раёна Менска на адмову Менгарвыканкама ў правядзенні 24 сакавіка акцыі каля опернага тэатра, прысвечанай Дню Волі. Пра гэта БелаПАН паведаміў старшыня руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч.
Паводле слоў Губарэвіча, рух „За Свабоду”, БСДП (Грамада) і Аб’яднаная грамадзянская партыя падавалі ў Менгарвыканкам дзве заяўкі на правядзенне мітынгу каля опернага тэатра з нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння БНР. Пры гэтым у СМІ, адзначыў ён, была анансаваная толькі адна з іх, якая намячалася на 25 сакавіка. Аб заяўцы на нядзелю яны спецыяльна не давалі ніякай інфармацыі ў СМІ, растлумачыў палітык.
Афіцыйнай прычынай адмовы гарадскіх уладаў у правядзенні акцыі 25 сакавіка на плошчы Парыжскай Камуны стала распаўсюджванне інфармацыі аб мітынгу, які мае адбыцца, у СМІ (закон забараняе анансаваць масавае вулічнае мерапрыемства да атрымання дазволу).
Па аналагічнай прычыне, паведаміў Губарэвіч, улады адмовілі і ў правядзенні акцыі 24 сакавіка, аб якой не было ніякай інфармацыі ў СМІ. Такім чынам, паводле яго слоў, у сваёй скарзе ў суд яны просяць прызнаць, што адмова Мінгарвыканкама супярэчыць заканадаўству.
Нагадаем, у сувязі з забаронай уладамі акцыі 25 сакавіка каля опернага тэатра актывісты 7 сакавіка накіравалі зварот у Мінгарвыканкам з просьбай аб устаноўцы памятнай дошкі, прысвечанай 100-годдзю Беларускай Народнай Рэспублікі, і арганізацыі 25 сакавіка цырымоніі яе ўрачыстага адкрыцця з правядзеннем мітынгу. Адказ на заяўку ад гарадскіх уладаў яшчэ не паступіў.
Святкаванне Дня Волі таксама рыхтуюць Партыя БНФ і культурная пляцоўка „Арт Сядзіба”. 16 студзеня яны падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне мітынгу-канцэрта 24 сакавіка на стадыёне „Дынама”, аднак падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам” 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ніякіх акцый на „Дынама” не будзе. Ён прапанаваў арганізатарам сабрацца на плошчы Бангалор, якая спецыяльна адведзена ўладамі для правядзення вулічных акцый. 4 сакавіка Партыя БНФ і „Арт Сядзіба” накіравалі ў гарвыканкам новую заяўку на правядзенне мітынгу-канцэрта ў цэнтры горада каля плошчы Свабоды ці каля Палаца спорту.