Актывісты кампаніі „Еўрапейская Беларусь” правялі пікет у падтрымку палітзняволеных
У Менску прайшоў Чарнобыльскі шлях. Але перад самым яго пачаткам актывісты грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” правялі пікет у падтрымку беларускіх палітзняволеных. Ён прайшоў ля будынка Нацыянальнай Акадэміі Навук.
Па словах каардынатара „Еўрапейскай Беларусі” Максіма Вінярскага, актывісты кампаніі карыстаюцца магчымасццю нагадаць пра тое, што ў краіне ёсць палітвязні.
— Тут, як вы бачыце, і Святаслаў Барановіч, і Зміцер Паліенка, і Міхаіл Жамчжны… Усё гэтыя людзі пацярпелі за тое, што выказвалі сваю пазіцыю, і мы карыстаемся магчымасцю нагадаць беларускаму грамадству, у тым ліку апазіцыйнаму грамадству пра тое, што праблема палітвязняў яшчэ не вырашаная, што яна існуе і што на гэты конт таксама трэба нешта рабіць.
Нягледзячы на папярэджанні міліцыі, актывісты працягнулі пікет. Таму не выключана, што яны могуць быць затрыманы і прыцягнуты да адміністрацыйнага суда.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя