Актывісты “Legalize Belarus” рыхтуюць пазоў да Мінінфарма



Актывісты кампаніі “Legalize Belarus” атрымалі адказ Міністэрства інфармацыі наконт блакавання свайго сайту. Міністэрства прадставіла скрыншоты, якія, на думку ведамства, з’яўляюцца прапагандай спажывання наркотыкаў. Прадстаўнік кампаніі Пётр Маркелаў заяўляе, што актывісты кампаніі рыхтуюць пазоў у суд, бо лічаць рашэнне беспадстаўным.

У адказе мы атрымалі 10 скрыншотаў з нашага сайту. У кожным з іх былі фотаздымкі з нашых акцыяў, мерапрыемстваў. На большасці фотаздымкаў можна знайсці наш лагатып «Канапляная Беларусь» – выява ліста канопляў. Больш ніякіх тлумачэння на конт таго, чаму і менавіта як гэтыя фотаздымкі прапагандуюць спажыванне марыхуаны, мы не атрымалі. У нашай скарзе на 10 старонак мы апісалі, што адбываецца на кожным здымку, як ён быў зроблены, пры якіх абставінах.

Дзеячы грамадскай кампаніі настойваюць, што іх праграма нікога не падбухторвае да ўжывання наркотыкаў, а выступае за адукацыю людзей у гэтай сферы і дэкрыміналізацыю марыхуаны. Па словах Пятра Маркелава, частка здымкаў, якія ў Міністэрстве палічылі прапагандай, зроблена журналістамі для сваіх матэрыялаў і здымкі не ўтрымліваюць ніякага падбухторвання да супрацьпраўных дзеянняў, адпаведна, яны не павінны і трапляць пад забарону і цягнуць за сабой такія наступствы, як блакаванне сайту.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск