Актывісты наведалі магілу маці Зянона Пазьняка



22 красавіка споўнілася пяць гадоў як адышла ў іншы свет маці Зянона Пазьняка – Ганна Яфімаўна Пазьняк. Яна ўсяго некалькі дзён не дажыла да сваіх 90 гадоў і была пахаваная на парафіяльных могілках у роднай вёсцы Суботнікі Івейскага раёна.

Да апошняга дня зямнога існавання Ганна Яфімаўна захавала вернасць роднай мове, любоў да беларускай зямлі і культуры. Добрымі словамі і дагэтуль яе ўзгадваюць аднавяскоўцы. Такія, як, напрыклад, сусед Фелікс Юзэфавіч Балдаўскі.

– Мы з Яфімаўнай вельмі добра жылі як суседзі, жонка мая з ёй сябравала, парады давалі адна адной. Яна была адукаванай, начытанай жанчынай. Яна калісьці казала, што будзе жыць да 111 гадоў. Я запытаўся, адкуль яна гэта ўзяла, а тая адказала, што сон такі прысніла. Але не дажыла…

Сябры Партыі БНФ і Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны з Ліды і Бярозаўкі наведалі ў гэты дзень Суботнікі.

Яны адведалі сядзібу, дзе жыла Ганна Яфімаўна Пазьняк, і могілкі, дзе яна была пахаваная і дзе ўшанавалі памяць маці палітыка малітваю “Ойча наш”.

Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя, Ліда

Фота аўтара