Актывісты прафсаюза РЭП абвінавацілі ўлады ў зрыве пікетаў
У Магілёве актывісты прафсаюза РЭП адмовіліся ад правядзення пікетаў салідарнасці з кіраўніцтвам прафсаюза з-за умоў, пастаўленых мясцовымі ўладамі.
Нагадаем, у пачатку жніўня актывісты незалежнага прафсаюза РЭП Аляксей Яўгенаў і Аляксандр Хамратаў падалі ў Магілёўскі гарвыканкам заяўкі на правядзенне пікетаў салідарнасці са сваімі кіраўнікамі — лідарам арганізацыі Генадзем Фядынічам і галоўным бухгалтарам Ігарам Комлікам, у дачыненні да якіх была распачатая крымінальная справа. Меркавалася, што пікеты пройдуць 24 жніўня ў адзіным месцы ў Магілёве, адведзеным для падобных акцый, — на стадыёне „Хімік”.
„Пікетаў не будзе. Нас ўлада ставіць у такія ўмовы. Толькі 18 жніўня я атрымаў ад іх адказ, у якім гаворыцца, што да 18 жніўня трэба заключыць дамовы на абслугоўванне з камунальнымі службамі і меддапамогай. Яны спецыяльна гэта зрабілі. Буду з праваабаронцамі кансультавацца адносна абскарджвання. Гэта ўжо не першы такі выпадак”, — заявіў БелаПАН Аляксей Яўгенаў, адзначыўшы, што актывісты маюць намер зноў падаць заяўкі на правядзенне пікетаў.
2 жніўня пасля вобшуку ў офісе прафсаюза РЭП у Менску былі затрыманыя лідар арганізацыі Генадзь Фядыніч і галоўны бухгалтар Ігар Комлік. Іх дапыталі ў Камітэце дзяржкантролю. Затым Фядыніча адпусцілі, а Комлік да гэтага часу знаходзіцца пад вартай. Прафсаюзныя актывісты падазраюцца ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры, у дачыненні да іх пачатая крымінальная справа. Беларускія праваабарончыя арганізацыі заявілі, што ў сувязі з утрыманнем Комліка ў ізаляцыі лічаць яго палітвязнем і патрабуюць неадкладнага вызвалення.