Актывісты ўсталявалі ў Курапатах 12 новых крыжоў
Група актывістаў на чале са Зміцерам Дашкевічам 20 ліпеня ўсталявалі ў Курапатах 12 новых драўляных крыжоў, у тым ліку тыя, якія тры тыдні таму канфіскавала міліцыя. Пра гэта Дашкевіч паведаміў БелаПАН.
Устаноўка крыжоў доўжылася некалькі гадзін. На гэтае месца прыязджалі супрацоўнікі Бараўлянскага лясгаса, у падпарадкаванні якога знаходзіцца ўрочышча Курапаты, у тым ліку дырэктар Аляксандр Мірановіч. Яны папярэдзілі, што дзеянні актывістаў незаконныя, аднак устаноўка крыжоў была працягнутая.
Дашкевіч паведаміў, што невядомыя ў глыбіні ўрочышча вырвалі з зямлі некалькі драўляных крыжоў і спрабавалі іх падпаліць. Аднак з-за дажджоў крыжы адсырэлі, і падпаліць іх зламыснікам не ўдалося. Актывісты выклікалі міліцыю, якая цяпер вядзе разбор.
Тыдзень таму актывісты на чале з Дашкевічам усталявалі некалькі новых драўляных крыжоў наўзамен струхлелых. Тады на месца ўстаноўкі таксама прыехаў дырэктар лясгаса, які заявіў, што любыя знакі ў лясгасе могуць быць устаноўленыя толькі пасля ўзгаднення з уладамі. Актывісты не падпарадкаваліся, і дырэктар лясгаса выклікаў міліцыю. Супрацоўнікі МУС, якія прыехалі на выклік, перапісалі звесткі ўсіх, хто браў удзел ва ўстаноўцы крыжоў, і паехалі.
Замяніць старыя крыжы новымі Дашкевіч спрабаваў яшчэ 29 чэрвеня, але тады машына з актывістамі, на якой яны перавозілі крыжы, была затрыманая міліцыяй. Дашкевіча і яго таварышаў на некаторы час затрымалі, склалі пратакол на падставе артыкула 12.17 КоАП (парушэнне правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву) і адпусцілі, крыжы канфіскавалі. У той жа дзень у офіс мэблевага прадпрыемства Дашкевіча „Цесляры” прыязджалі супрацоўнікі аддзялення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС. Яны прабылі там некалькі гадзін, але паехалі без складання якіх-небудзь дакументаў.
Фота twitter