Актывісты Вінярскі і Урбановіч знаходзяцца ў ЦІП на Акрэсціна
Каардынатар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі, які быў затрыманы раніцай 18 снежня ў Менску, арыштаваны на 15 сутак. Пра гэта БелаПАН паведаміў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец.
Паводле яго слоў, пра арышт Вінярскага на 15 сутак стала вядома пасля таго, як яго родныя перадалі яму перадачу ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. Вінярскі павінен выйсці на волю 2 студзеня 2020 года.
Севярынец таксама паведаміў, што ў ЦІП знаходзіцца і лідар „Маладога фронту” Дзяніс Урбановіч. „Я туды тэлефанаваў, мне пацвердзілі, што Урбановіч у іх, — сказаў палітык. — Так як гэта ЦІП, значыць, ён там знаходзіцца ўжо пасля суда. Але па тэлефоне яны не кажуць, колькі сутак яму далі. Думаю, што таксама 15. Заўтра сястра Дзяніса прыедзе з перадачай і даведаецца, колькі сутак”.
Сам Севярынец таксама атрымаў 15 сутак за ўдзел у акцыях пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй — такое рашэнне прыняў 18 снежня суд Савецкага раёна Менску. Пасля суда яго адвезлі назад у РУУС Савецкага раёна. „Там мяне завялі ў сутарэннне, дзе таварыш палкоўнік прачытаў мне лекцыю пра тое, што 7 і 8 снежня дэманстранты парушалі закон, — распавёў палітык. — Заклікаў не парушаць закон 20-га, таму што будуць ёлкі, будуць дзеці. Пасля гэтага мне сказалі, маўляў, ідзіце дадому. Я ўдакладніў, а што з 15 суткамі. Адказалі: „Нічога не ведаем”. Вывелі на ганак і адпусцілі”.
Той факт, што яго асудзілі на адміністрацыйны арышт, але адпусцілі, фактычна даўшы магчымасць удзельнічаць у анансаванай акцыі пратэсту, Севярынец пракаментаваў так: „Тут адно з двух. Альбо ўлады зацікаўленыя ў акцыі 20 снежня, альбо яны рыхтуюць нейкія правакацыі. А можа быць, і тое, і іншае”.
17 снежня прадстаўнікі апазіцыі апавясцілі Мінгарвыканкам пра вулічныя акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, што маюць адбыцца 20 і 21 снежня. Апавяшчэнне гарадскім уладам перадалі Севярынец, а таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў і прадстаўнік грамадскага аб’яднання „Таварыства беларускай мовы” Ян Грыб. У апавяшчэнні пазначаны час пачатку і сцэнары акцый пратэсту.
Пра тое, што 20 снежня ў цэнтры Менска плануецца чарговая акцыя супраць інтэграцыі з РФ, заявілі на прэс-канферэнцыі 16 снежня прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі „Абаронім незалежнасць”. У аргкамітэт акцыі ўваходзяць прадстаўнікі 15 палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і рухаў. Было заяўлена, што пасля мітынгу на Кастрычніцкай плошчы плануецца шэсце па цэнтры горада і ў завяршэнне акцыі — жывы ланцуг. Арганізатары таксама паведамілі, што ў іх ёсць план „Б”, калі доступ да Кастрычніцкай плошчы будзе абмежаваны. 21 снежня тамсама, на плошчы, плануецца мітынг.
Правесці ў сталіцы вулічную акцыю 20 снежня плануюць і прыхільнікі інтэграцыі з Расеяй. Як паведаміў БелаПАН на мінулым тыдні экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Драко, яны накіравалі ў Адміністрацыю прэзідэнта зварот з просьбай дазволіць мітынг у тым жа месцы, дзе маюць намер сабрацца праціўнікі інтэграцыі. Калі адміністрацыя не дасць дазволу, акцыя праводзіцца не будзе, дадаў Драко.
belapan.by