Актывісты: Вітольд Ашурак застанецца ў нашай памяці



Вітольд Ашурак, грамадскі актывіст з Бярозаўкі, які 21 траўня 2021 года нечакана памёр у шклоўскай калоніі, адзначыў бы 13 кастрычніка 2021 года 51 год свайго жыцця.

Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні Партыі БНФ, кажа, што яму вельмі не хапае Вітольда:

– Перш за ўсё ён быў сябрам, але найперш ён быў беларусам. Чалавек, якога на самой справе не хапае за ўвесь гэты час. Чалавек, які сваім жыццё і сваімі прыкладамі натхняў не толькі свой маленькі горад, а напэўна ўсю вобласць. Тое, што мы рабілі разам, тое, што мы працягваем рабіць, – гэта найлепшая памяць пра яго, якая застанецца назаўсёды.

Па словах журналісткі і актывісткі Вольгі Быкоўскай, Вітольд Ашурак быў “Чалавекам” з вялікай літары.

– Ён быў для мяне чалавекам, на якога можна раўняцца і з якога можна браць прыклад. Пасля ён для мяне быў палітыкам і сапраўдным беларусам, які адстойваў інтарэсы людзей вакол, змагаўся за тое, каб Беларусь была свабоднай, дэмакратычнай, незалежнай. Змагаўся за тое, каб беларускую мову і беларусаў паважалі. Затым для мяне ён быў лідарам. Гэта чалавек, за якім можна ісці хоць на край свету, і якога трэба падтрымліваць, таму што ён робіць вартыя рэчы.

Узгадаць Вітольда Ашурка ў невялікіх лістах да яго і прачытаць пра яго магчыма ў сацыяльных сетках, дзе адбываецца акцыя пад хэштэгамі #жывевітольд #героінепаміраюць #лістывітольду.

Сяргей Апановіч, Беларускае Радыё Рацыя