Актывісты вызначыліся з дзяжурствам у Курапатах



З наступнага тыдня абаронцы Курапатаў плануюць дзяжурыць каля забаўляльнага цэнтра „Поедем поедим” з поўдня да поўначы. Нядзельная акцыя будзе праходзіць да 18 гадзінаў.

Пра гэта паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. Такім чынам, растлумачыў ён, актывісты плануюць знаходзіцца на варце з наступнага тыдня без перапынку у заяўлены час працы комплексу.

Акцыі супраць адкрыцця забаўляльнага комплексу каля Курапатаў доўжацца з 31 траўня.

8 чэрвеня на актывістку Вольгу Нікалайчык зноў былі складзеныя пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі й дробнае хуліганства. Таксама быў затрыманы і адпушчаны пасля складання двух пратаколаў актывіст Дзяніс Урбановіч. Яшчэ раней, 7 чэрвеня ў дачыненні да Паўла Севярынца склалі чатыры пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.