Актывісты з Ліды і Бярозаўкі падалі ў суд на чыноўнікаў
Актывісты з Ліды і Бярозаўкі, якія спрабуюць стварыць грамадскае культурна-асветніцкае аб’яднанне “Спадчына” падалі ў суд на прадстаўнікоў гарадзенскай юстыцыі.
Яшчэ два месяцы таму аргкамітэт па стварэнні арганізацыі правёў у Бярозаўцы ўстаноўчы сход і падаў неабходныя дакументы для рэгістрацыі ва Упраўленне юстыцыі Гарадзенскага аблвыканкама.
Ужо два разы актывісты атрымалі адмову ў рэгістрацыі асветніцкага аб’яднання “Спадчына”, – распавядае адзін са стваральнікаў арганізацыі Сяргей Трафімчык:
– Гэта другая спроба зарэгістравацца. Мінулы раз мы падавалі на рэгістрацыю ў 2009 годзе на гарадское аб’яднанне, гэтым разам на раённае – трохі ў большым фармаце, бо да нас далучылася шмат людзей і з Ліды, і з раёна. Але атрымалі адмову. Калі ў мінулы раз нам адмовілі па прычыне, што статут не адпавядаў заканадаўству, то гэтым разам статут быў у парадку, але знайшлі іншыя два пункты.
Актывісты хочуць дамагчыся справядлівасці праз Гарадзенскі абласны суд, а калі гэта не атрымаецца – праз Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Радыё Рацыя