Актывісты занепакоеныя колькасцю новых палітвязняў
«Свабоду палітвязням» — пад такой назвай у аўторак, 16 жніўня, у Менску адбыўся Форум, у якім узялі ўдзел лідары палітычных партый, праваабаронцы, журналісты, а таксама міжнародныя назіральнікі АБСЕ.
Галоўнай тэмай форуму стала ўзмацненне ціску на дэмакратаў з боку ўладаў у час выбарчай кампаніі, а таксама абмеркаванне спісу палітычных вязняў, які, на думку ўдзельнікаў, даволі доўгі.
Кажа сустаршыня «Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі» Павел Севярынец:
— У гэтым спісе цяпер прынамсі 16 чалавек. Магчыма гэта папярэдні спіс, але памер праблемы ўжо ўражвае, бо па 6 палітвязнях Еўразвяз некалькі гадоў блакаваў дыялог з Беларуссю. Цяпер палітвязняў, выглядае так, што можа быць і не менш. Прыняты дакумент, які перакладзены і будзе перадавацца ў міжнародныя і беларускія інстанцыі. Ну і, шэраг захадаў, шэраг акацыяў салідарнасці запланаваны ўжо цяпер і перамовы паміж праваабаронцамі па гэтай праблеме.
Палітык таксама выказаў спадзяванне, што ўжо да наступнай сустрэчы форуму «Свабоду палітвязням», якая пройдзе цягам бліжэйшых тыдняў, адбудуцца зрухі ў пытаннях абароны правоў зняволеных у беларускіх турмах.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: Радыё Свабода