Актывізавалася следства па справе „Белага легіёна”
Актывізаваліся следчыя дзеянні па „справе патрыётаў” ці „Белага легіёна”.
Як кажа Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады „Згуртавання беларусаў свету” і былая жонка аднаго з затрыманых – Міраслава Лазоўскага, у мінулым аднаго з кіраўнікоў „Белага легіёна”, актыўна ідуць допыты затрыманых, а таксама іншыя следчыя дзеянні:
– Адвакаты сустрэчы з імі маюць. Зараз прасцей пабачыцца, бо адвакатаў загадзя папярэджваюць пра гэтыя следчыя дзеянні. Найбольш хвалюе сваякоў, з якімі я вельмі шчыльна камунікую, гэта канешне ўмовы ўтрымання. Калі ежа яшчэ больш-менш цярпімая, то гігіенічна-санітарныя ўмовы, у якіх яны знаходзяцца, канешне шмат каго напружваюць.
Лісты са следчых ізалятараў Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Міністэрства ўнутраных спраў даходзяць дастаткова рэгулярна. Аднак з актывізацыяй следства ўзніклі праблемы з ліставаннем, напрыклад, у Андрэя Дундукова, Міраслава Лазоўскага і некаторых іншых.
Таксама ў СІЗА КДБ затрыманым не перадаюць па падпісцы газеты, калі чалавек не мае на руках квітанцыі аб падпісцы на СМІ ці яе копіі, распавяла Ніна Шыдлоўская.
Зараз за кратамі застаюцца 17 чалавек. 16 з іх праходзяць па справах аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў і стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. Адзін па справе аб масавых беспарадках.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск