Акумулятарны завод пад Берасцем: рэальная небяспека?
Блізу Берасця мае паўстаць акумулятарны завод па вытворчасці батарэй. Афіцыйны бок заяўляе пра яго бяспеку, спасылаючыся на вынікі праведзенай экспертызы па ацэны ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. У той жа час многія жыхары рэгіёну ўпэўнены ў шкоднасці прадпрыемства і непакояцца за здароўе сваіх блізкіх.
22 лютага ў Адміністрацыю прэзідэнта падалі каля 37 тысяч подпісаў за адмену будаўніцтва.
Як вядома, новая вытворчасць мае паўстаць блізу абласнога цэнтра ў двух кіламетрах ад ракі Мухавец. 4 сакавіка на галоўную плошчу Берасця выйшла каля 80 чалавек, якія моўчкі выказалі пратэст супраць будаўніцтва. Людзі проста кармілі галубоў і разважалі паміж сабой на тэму акумулятарнага завода.
Як распавёў нашаму радыё праваабаронца Раман Кісляк, акумулятарны завод будуецца паводле праекту, аналагаў якому ў Беларусі яшчэ не было:
– Гэта завод поўнага цыклу вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Там будзе і плаўленне металу, і драбленне на свінцовы пыл. То бок гэта будзе завод, падобнага якому ў Беларусі яшчэ не было, і, безумоўна, гэта будзе вельмі небяспечная вытворчасць, таму што ў якасці адкідаў будзе выступаць цяжкі метал свінец ды ягоныя аксіды.
Будаваць акумулятарны завод пад Берасцем пачала ў канцы мінулага году кампанія “Айпаўэр”, якая ўваходзіць у ТАА “ПАК-Упраўленне” Віктара Лемяшэўскага. Будаўніцтва вядзецца ў свабоднай эканамічнай зоне “Брэст”.
Як падкрэслівае Раман Кісляк, даверу да праведзенай экспертызы па ацэнцы ўдзеяння на навакольнае асяроддзе – няма:
– Не зразумела, па-першае, якія дакументы былі прадстаўленыя на гэтую экспертызу. Па некаторых звестках, адзін дакумент быў прадстаўлены на экспертызу, а другі – на грамадскае абмеркаванне. Па-другое, экспертыза зроблена на падставе звестак, некаторыя з якіх не адпавядаюць рэчаіснасці, а некаторыя – недастатковыя. Напрыклад, невядома да гэтага часу, якія фільтры будуць стаяць на гэтым заводзе, і па некаторых звестках прадпрыемства яшчэ нават і не вызначылася, якія будуць фільтры. Бізнес Лемяшэўскага, сам Лемяшэўскі, калі ў іх пытаюць пра фільтры, яны зыходзяць ад адказу.
Пры гэтым мясцовыя блогеры Сяргей Пятрухін ды Аляксандр Кабанаў у “Народным рэпарцёры” на канале youtube паказалі сюжэт, паводле якога бізнесоўцы прадаюць сваё жыллё блізу раёна будаўніцтва акумулятарнага завода – ў Шчэбрыне. У тым ліку сваё жыллё прадаў, паводле відэаблогераў, і сам Віктар Лемяшэўскі.
Прыгадаем, што днямі абодвух блогераў асудзілі на 50 базавых велічынь штрафу кожнага за нібыта заклікі да несанкцыянаванага мерапрыемства. Такімі заклікамі суд палічыў іх выказванні падчас відэа-трансляцыі пра тое, што яны выйдуць на плошчу, калі не спыніцца будаўніцтва акумулятарнага завода.
Цалкам гутарка з праваабаронцам Раманам Кісляком – у далучаным гукавым файле:
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота belsat.eu