Алану Гебрэмарыям узялі пад варту на два месяцы
Члену Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі (КР), прадстаўніку Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алане Гебрэмарыям абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на два месяцы. Пра гэта паведамляе КР у сваім тэлеграм-канале.
„Цяперашні статус — падазраваная. У найбліжэйшы 10 дзён ёй павінна быць выстаўленае абвінавачанне, у адваротным выпадку падазраванага павінны вызваліць. На гэты момант яна знаходзіцца ў СІЗА КДБ”, — гаворыцца ў паведамленні.
Справа распачатая па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Гебрэмарыям пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.
Алана Гебрэмарыям — актывістка Задзіночання беларускіх студэнтаў і ініцыятывы „Моладзевы блок”. Раніцай 12 лістапада адбыліся вобшукі ў сямі актывістаў ЗБС, уключаючы Гебрэмарыям. Як паведамляе праваабарончы цэнтр „Вясна”, затрыманыя Ксенія Сырамалот, Ягор Канеўскі, Кася Будзько і Яна Арабейка, таксама прызнаныя падазраванымі па крымінальнай справе па аналагічным артыкуле. Верагодна, гаворка аб адной і той жа справе. Акрамя таго, па гэтай справе праходзіць затрыманая напярэдадні пасля вобшуку ў яе доме асістэнт кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вольга Філатчанкава.
Гебрэмарыям дапамагала студэнтам, якія зведалі рэпрэсіі за сваю пазіцыю. Была кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на выбарах 2019 года.
belapan.by