Алег Агееў: Улады актыўна перайшлі ў наступ на свабоду меркавання



З намеснікам старшыні ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, юрыстам Алегам Агеевым пра пераслед журналістаў і праваабаронцаў, беларускае і міжнароднае права размаўляе наш карэспандэнт Улад Грынеўскі.

РР: Ці чакалася, ці не чакалася, што такое можа адбыцца? Пэўна чакалася, бо мы ведаем, дзе мы жывём і дзе мы працуем?

Алег Агееў: Так, большасць сродкаў масавай інфармацыі рыхтавалася, бо гэта ж не здарылася вось так знянацку. Мы бачылі, што цягам амаль года рэжым узмацняў рэпрэсіі ў дачыненні ўсіх сектараў грамадскасці ў Беларусі. І было бачна, што журналісты, рэдактары адчуваюць небяспеку. І гэта было бачна нават па зваротах у БАЖ,  таму што большасць зваротаў была на адукацыйныя праграмы, звязаныя з тым, як працаваць у гэтых небяспечных умовах. І нават па гэтаму, як па індыкатары можна было бачыць настроі ў медыясектары. Таму, так, гэта было прадказальна. Але ж, як заўсёды бывае з такім фактычна гвалтам у дачыненні СМІ, гэта ўсё адно, хоць і чакалася, але адбылося нечакана.

РР: Так, але сапраўды вось такі разгром… Ці можна ўвогуле неяк думаць, чаго дамагаюцца ўлады Беларусі? Вядома, што дамагаюцца, каб замаўчалі ўсе журналісты, але мне падаецца, што гэтага не можа здарыцца.

Алег Агееў: Так, я пагаджуся з вамі. Улады, па-першае, мараць пра тое, каб усе альтэрнатыўныя бакі гледжання перасталі існаваць. Каб яны не былі гучнымі, каб яны не ўплывалі на грамадскае меркаванне ў Беларусі. І калі глядзець шырэй, не толькі на медыясектар, а ўвогуле на грамадскі сектар, то бачна, што ўсе фактычна, хто распаўсюджваў свае думкі публічна, зараз апынуліся таксама пад ціскам. Гэта і розныя праваабарончыя арганізацыі, і шэраг  іншых, якія мелі сваё меркаванне па падзеях, што адбываюцца ў Беларусі, агучвалі гэтыя свае меркаванні. І таму вось такі ўдар па свабодзе меркаванняў фактычна адбыўся. Прычым чарговы ўдар з боку ўладаў Беларусі. Калі глядзець далей і ўзгадваць, як напрыканцы 90-х закрываліся газеты, якія тады выходзілі ў папяровым варыянце, і рэжым гэта час ад часу рабіў, але маштабы… Упершыню сутыкнуліся з такім, нават па колькасці затрыманых журналістаў, па колькасці тых, хто зараз знаходзіцца пад крымінальным пераследам. Вось маштаб менавіта паказвае, што ўлады актыўна перайшлі ў наступ на свабоду меркавання, увогуле не выконваючы ні нацыянальнае заканадаўства, ні міжнародныя. Яны і раней на міжнародныя стандарты глядзелі так не вельмі зважаючы на абавязкі, якія дзяржава прыняла на міжнароднай арэне. Але зараз мне здаецца, што ўвогуле ніводнага грамадскага права не засталося, якое б апошнім часам не парушылі ўлады Беларусі.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя