Алег Агееў: Якасная журналісцкая праца – нагода для пераследу
Якасная журналісцкая праца – нагода для пераследу. Так намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст Алег Агееў пракаментаваў ператрусы ў інфармацыйным агенцтве БелаПАН.
З ператрусам да супрацоўнікаў інфармацыйнай кампаніі прыйшлі сёння: да журналістаў Ірыны Турчыной, Захара Шчарбакова, намесніка рэдактара Аляксандра Зайцава, галоўнага рэдактара Ірыны Леўшынай.
„Улада ідзе сваім шляхам – зачышчае грамадзянскую супольнасць і незалежныя медыя,” – кажа Алег Агееў.
– Зараз складана прагназаваць канец такой спец-аперацыі, зачысткі, як яны яе называюць, грамадзянскага сектара ўвогуле і медыя сектара ў тым ліку. Гэта безумоўна абурае, бо людзей фактычна затрымліваюць, як высвятляецца, з той нагоды, што яны якасна выконваюць свае журналісцкія абавязкі, і гэтага зараз дастаткова, каб прыйшлі за кожным журналістам, якія знаходзяцца пад юрысдыкцыяй Беларусі, да каго могуць дацягнуцца іх рукі.
Паводле апошняй інфармацыі. Бухгалтарка кампаніі Кацярына Боева і былы дырэктар БелаПАН Дзмітрый Наважылаў змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна. Кацярына Боева праходзіць падазраванай па ч.1. арт.342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Улад Грынеўскі, Беларускія Радыё Рацыя