Алег Гайдукевіч: З фэйкамі трэба змагацца



Кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч пракаментаваў выгнанне расейскага журналіста з Беларусі.

Нагадаем, што журналіста расейскага Першага канала Аляксея Кручыніна пазбавілі акрэдытацыі і выслалі з Беларусі пасля матэрыялу пра эпідэмію каронавіруса ў нашай краіне. Беларускія прапагандысты назвалі той матэрыялам “дном і прапагандай”.

Алег Гайдукевіч: Беларусь у любым выпадку павінна абараняць сваю інфармацыйную прастору. Што датычыцца працы Першага канала, то, мяркую, мы не павінны ісці на нейкі вялікі канфлікт, таму яго патрэбна ў бліжэйшы час вырашыць і працаваць разам. Бо бяда ж агульная ва ўсіх.

Расея павінна спыніць свае інфармацыйныя наступы на Беларусь, а беларускаму боку, суадносна, трэба нейкім чынам вырашаць пытанне з Першым каналам.

РР: Ці абвострыць гэтая канфліктная сітуацыя стасункі Беларусі з Расеяй?

Алег Гайдукевіч: Мне падаецца, што абвастрэння не будзе, і кожны зробіць з гэтай гісторыі свае высновы. Так, ёсць рашэнне МЗС аб пазбаўленні расейскага журналіста акрэдытацыі, яго выслалі з краіны, але не хацелася б, каб гэта стала пачаткам двухбаковай інфармацыйнай вайны. Інтэрнэт зараз і насамрэч перапоўнены рознымі фэйкамі, таму грамадства ўжо ад іх стамілася. І з гэтым, натуральна, трэба змагацца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя