Алег Гулак: Да журналістаў ужылі новы рэпрэсіўны інструмент



Кіраўнік Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак выказаў сваё меркаванне, чаму ўлады пачалі «крыжовы паход» на незалежных журналістаў.

Нагадаем, што зараз ужо і афіцыйная праца прадстаўнікоў СМІ падчас асвятлення вулічных акцый лічыцца незаконнай, бо журналістаў арыштоўваюць, судзяць і абвінавачваюць, што тыя, як быццам, «кіруюць пратэстамі».

Алег Гулак: Складваецца ўражанне, што ўлады шукаюць розныя метады ўплыву на сітуацыю і зараз, відаць, палічылі, што трэба ізаляваць журналістаў, бо ад іх ідзе вялікая шкода.

Зараз ужылі да прадстаўнікоў СМІ абсалютна новы рэпрэсіўны інструмент – іх прысутнасць на акцыях не лічыцца прафесійнай дзейнасцю, а класіфікуецца, як удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Доказаў, як мы бачым, ніякіх няма, як няма і ніякіх законных падстаў на такія затрыманні і суды. Апошнім часам наогул закон узгадваецца толькі ў тым кантэксце, як яго яшчэ парушыць, і якія формы яшчэ прыдумаць. І ўжо нічому не здзіўляешся.

Але гэта ніяк не спалучаецца нават з заявамі міністра ўнутраных спраў Караева, які казаў, што журналістаў арыштоўваць недапушчальна. Адным словам, кажуць адно, робяць зусім іншае. І калі такая тактыка працягнецца, то журналістам незалежным СМІ давядзецца працаваць у экстрэмальных умовах.

РР: Некаторыя жартуюць, што ў такім выпадку і праваахоўнікаў патрэбна затрымліваць і судзіць за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах…

Алег Гулак: Як кажуць, усё было б так смешна, каб не было так сумна. Логіка ўладаў простая. Яны хочуць паказаць: усё што мы хочам забараніць – забаронім. І ніякія законныя падставы для гэтага непатрэбны.

Логіка тут працуе толькі ў адзін бок. Калі патрэбна некага пакараць, то фармальную нагоду знойдуць. І механізмаў, як гэтаму супрацьстаяць, у краіне няма. Раней былі чырвоныя лініі, праз якія ўлады не пераходзілі, але зараз відавочна, што яшчэ на адну такую лінію стала менш.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя