Алег Гулак: Для прызнання палітвязнямі няма падстаў
Сёння, у Дзень салідарнасці з палітычнымі вязнямі і сваякамі зніклых палітыкаў, у сядзібе Партыі БНФ у Менску адбудзецца акцыя салідарнасці са зняволенымі праваабаронцамі Міхаілам Жамчужным і Андрэем Бандарэнкам. На думку старшыні Беларускага хельсінскага камітэту Алега Гулака, пакуль няма юрыдычных падставаў прызнаваць Бандарэнку і Жамчужнага менавіта палітычнымі зняволенымі:
– Мы шмат абмярковаўлі гэтае пытанне з нашымі калегамі з іншых арганізацый, перадусім з “Вясны”. Нічога новага па гэтых справах пакуль я не бачу. Канешне, калі будзе нешта новае, што запатрабуе перагляд той пазіцыі, якая была, то мы будзем гэта рабіць. Пакуль такіх фактаў няма. Ні ў адной, ні ў другой справе мы не бачым палітычнага матыву.
Былы палітвязень, праваабаронца Андрэй Бандарэнка адбывае тры гады калоніі за злоснае хуліганства. Міхаіл Жамчужны адбывае пакаранне ў шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Актывісты групы “За волю” лічаць, што беларускія ўлады пераследуюць абодвух за іх праваабарончую дзейнасць. Бандарэнка і Жамчужны прадстаўлялі арганізацыю “Платформа”, якая займаецца парушэннямі правоў зняволеных.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя