Алег Гулак: Здароўе чалавек павінен ставіць на першае месца



Старшыня Беларускага Хельсінкскага Камітэта Алег Гулак пракаментаваў выключэнне студэнткі з Менскага дзяржаўнага лігвістычнага ўніверсітэта.

Нагадаем, што студэнтка 4-га курса Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Елізавета Пракопчык брала ўдзел 19 сакавіка гэтага году ў вулічнай акцыі, якая была арганізавана з мэтай прыцягнуць увагу кіраўніцтва ВНУ да неабходнасці ўвядзення каранціну і пераводу навучання на дыстанцыйную форму.

Сама Елізавета ў знак нязгоды заклікала да байкоту заняткаў ва ўніверсітэце і да самаізаляцыі студэнтаў, пасля чаго не з’яўлялася на занятках на працягу двух тыдняў. Калі студэнтка прыйшла ў ВНУ, то яе азнаёмілі з вымовай і паказалі загад рэктара аб адлічэнні.

Праваабаронцы лічаць, што дзяўчына была адлічана за грамадскую актыўнасць і патрабуюць яе аднаўлення на вучобе.

Алег Гулак: Сітуацыя неадназначная. З аднаго боку ёсць абавязак наведваць заняткі, а па іншай логіцы – чалавек можа непакоіцца за сваё здароўе падчас эпідэміі, і менавіта гэта ставіць на першае месца.

У школе ж бацькам дазволена пакідаць дзяцей дома, каб тыя паменш кантактавалі ў навучальнай установе. І тут можна прад’явіць прэтэнзіі да адміністрацыі ўніверсітэта, якая не ўрэгулявала адносіны са студэнтамі ў такой надзвычайнай сітуацыі. У выніку праблема перанеслася на чалавека. Таму ў гэтай сітуацыі выносіць вымову студэнтцы было неправамерна.

РР: Кіраўніцтва кажа, што студэнтка адлічана па сукупнасці адміністрацыйных прычын…

Алег Гулак: Запазычанасці – гэта ўжо іншае пытанне, хаця з гэтай нагоды мала інфармацыі. Мы б з задавальненнем дапамаглі дзяўчыне ў судзе, калі размова ідзе пра пропускі заняткаў падчас эпідэміі. Праўда, да нас пакуль ніхто не звяртаўся.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя