Алег Калінкоў: Наркадылеры ў Беларусі дзейнічаюць абсалютна беспакарана



Старшыня таварыства спажыўцоў „Рэвізор” Алег Калінкоў даў інтэрв’ю Беларускаму Радыё Рацыя.

Р.Р.  – 13 тысяч чалавек у Беларусі цяпер знаходзяцца ў зняволенні за распаўсюд і захоўванне наркотыкаў. За гэта даюць вялікія тэрміны. Але колькасць асуджаных не змяншаецца. У чым вы бачыце прычыну такой з’явы?

Алег Калінкоў:  Прычына ў тым, што наркотыкі ў Беларусі прадаюцца практычна свабодна. Ніякіх абмежаваньняў на продаж наркотыкаў дзяржава практычна не прадпрымае. І ніякіх практычных мераў дзеля абмежавання продажу наркотыкаў нашыя дзяржаўныя органы ня робяць. Адзінае дзеянне дзяржавы, гэта – карныя мерапрыемствы: злапалі – пасадзілі, злапалі – пасадзілі.

Р.Р.  Ці прасочвалі вы, якімі шляхамі трапляюць наркотыкі да людзей? І як можна пазбавіцца гэтых механізмаў?

 Алег Калінкоў:  Механізмы вельмі простыя. Гэта безкантактны метад продажу ў Беларусі. І калі наркотык замаўляецца праз інтэрнэт-краму. То, аплочваюцца грошы праз тэрмінал, альбо банкаўскай картай, альбо наяўнымі ўносіцца пэўная сума. І праз тры гадзіны даецца адрас, дзе можна забраць наркотык.

Р.Р. Значыць такога спосаба, які паказваюць у галівудскіх фільмах, дзе наркадылер прадае наркотыкі ў барах, на рынках у нас няма?

Алег Калінкоў:  Не, такое магчыма толькі ў дэмакратычных дзяржавах, дзе дзяржава рэальна перашкаджае распаўсюду наркотыкаў. Гэта значыць, як у галівудскіх фільмах, стаяць на вуліцах, прадаюць. І спажыўцы прыходзяць і купляюць. У нашай краіне такое немагчыма.

Р.Р. Наколькі складаны шлях атрымаць наркотыкі звыкламу чалавеку, і што прадпрымае дзяржава, каб гэта прадухіліць?

Алег Калінкоў:  Дзяржава нічога такога ня робіць. Гэта відавочна. А пакупка такая ж простая, як і пакупка ў звыклай інтэрнэт-краме. Заходзіш у інтэрнэт-краму, ужываючы мэсэджары. І набываеш наркотыкі.

Р.Р. Вось вы мне паказалі скрыншот такога мэсэджара. Там цяжка разабрацца, што гэта за прадукт.

Алег Калінкоў:  Прадукты розныя. Гэта і псіхатропы: асабліва небяспечныя псіхатропы, і амфетаміны, і натуральны наркотык. Гашыш, марыхуана. Можна ўсё набыць.

Р.Р. Вы спрабавалі правесці даследванне пра продаж наркотыкаў. І нават выявілі рахункі аплаты наркотыкаў. І паведамлялі пра вынікі даследванняў кампетэнтныя органы?

Алег Калінкоў:   Так. Пасля таго, як я заняўся гэтай тэмай, я стаў цікавіцца: якім спосабам прадаюцца наркотыкі. Адпаведна, стаў кантактаваць з гэтымі крамамі. Кожная крама прапануе свой асартымент наркотыкаў і прыкладае да гэтага рахунак у банках Рэспублікі Беларусь. Раней, гэта быў „Белгазпрамбанк”, ну а цяпер гэта абсалютна ў дзевяноста дзевяці выпадках „Тэхнабанк”. Калі гэтых рахункаў у мяне сабралася вельмі багата, то метадам аналіза, я ўбачыў, што без працаўнікоў банка „Белгазпрамбанка” і „Тэхнабанка”, гэтыя рахункі адкрыць у Беларусі немагчыма. Там ёсць зацікаўленыя асобы, я так уважаю, якія гэтым наркадылерам адкрываюць рахункі ў банках.

Р.Р. Калі ёсць рахункі, значыць ёсьць магчымасьць ідэнтэфікаваць асобу, якая займаецца продажам наркотыкаў?

Алег Калінкоў:  Рахункі адкрываюцца неідэнтэфікаваным асобам!!! Гэта значыць, яны адчыняюцца аддалена. Асобы, якія адкрываюць рахункі ў банках, туды ня прыходзяць. Свой твар не паказваюць, свае даныя не пакідаюць.

Р.Р. Ці магчыма такое ў Беларусі?

Алег Калінкоў:  Ну вось, спадар кіраўнік Рэспублікі Беларусь Лукашэнка, нават выдаў такі указ, нумар шэсьць пра супрацьдзеянне распаўсюду наркотыкаў. У якім пункт шаснаццаты выразна кажа, што рахунак можна адкрыць толькі пры ідэнтыфікацыі асобы. Ну вось у нас банкі такія… на жаль, гэты указ ня выконваюць. Нашае таварыства звярталася і ў суд з пазовам да банкаў „Белгазпрамбанку” і „Тэхнабанку”. Дзе мы ў якасці доказаў прадаставілі  раздрукоўкі рахункаў, рэкламных абвестак. Нават мы маглі прадаставіць рухі па рахунках некаторых. Па кожным рахунку праходзіў рух грошай ад сямідзесяці тысяч даляраў да ста. Гэта за тры – чатыры месяцы. Але суд адмовіўся закрываць гэныя рахункі. І абавязаць банкі выконваць указ прэзідэнта нумар шэсць. На жаль, такія ў нас суды. Звярталіся мы і з касацыйнай скаргай. І касацыйная калегія па грамадзянскіх справах Гарадзенскага абласнога суда нам таксама адмовіла. Матыў такі, што я разумею: няхай прадаюць.

Р.Р. Пасля вашага звароту рахункі працягваюць дзейнічаць у названых банках?

Алег Калінкоў:  Я і прадстаўнікі незарэгістраванага грамадскага таварыства  „Рух маці 328” манітораць гэныя рахункі. Як я, так і „маці” звярталіся ў міліцыю, ўказваючы на нумары рахункаў. Няма магчымасці простым грамадзянам і сваякам асуджаных нейкім чынам паўплываць. Як працавалі, так і працуюць.

Р.Р. То бок, наркакантроль ніякай увагі не звяртае, што па пяцьдзясят-шэсцьдзясят рахункаў працуюць на гэта пры банках? Працягваюць ня бачыць гэтага?

Алег Калінкоў:  Прадстаўнікі Руху „Маці 328” нават схадзілі да міністра Шуневіча на прыём. Быў прадастаўлены яму спіс рахункаў: гэта каля 50 рахункаў у „Тэхнабанку” і каля шасцідзесяці-сямідзесяці інтэрнэт-крамаў, якія прадаюць наркотыкі. Але Шуневіч сказаў: „Я гэтую праблему ведаю”. Але чаму ён ня ўзяў гэтыя рахункі. Калі ведаеш, то прымай меры! Гэта значыць, што міліцыя рапартуе, што закрывае дзвесце-трыста рахункаў штогод, а „Тэхнабанк” ізноў адкрывае і адкрывае.

Р.Р. Дзіўна, вось мы з Вамі, ці можам, не спраўджваючы нас, як асобаў, зарэгістраваць рахунак у Тэхнабанку?

Алег Калінкоў:   Можна. І дзеля інтарэсу, я вам прадастаўлю, Якубе. Можам грошы праз яго атрымоўваць і класці, канвертаваць, выводзіць з Беларусі ў неабмежаваных колькасцях.

Р.Р. Вы высвятлялі паходжанне аўтараў гэтых рахункаў. Скуль гэтыя людзі? Яны беларусы, ці замежнікі?

Алег Калінкоў:  Практычна ў ста адсоткаў выпадкаў, гэта падстаўныя асобы ў Расейскай Федэрацыі. Гэта значыць, злачынцы адкрываюць рахункі нібыта для расейцаў, а „Тэхнабанк” іх проста прызнае. І не правяраючы, як яны былі адкрытыя.

Р.Р. Такім чынам праблема мне бачыцца невырашанай, нягледзячы на тое, што людзей пасадзілі на вялікія тэрміны ў вязніцы.

Алег Калінкоў:  Ня вырашана абсалютна. Апрача карных мерапрыемстваў па пераследу і асуджэнні спажыўцоў наркотыкаў, і ня толькі спажыўцоў. Хтосці побач стаяў, ці хтосці побач ехаў.        

Таму што хапаюць усіх, і людзі бывае нават нявінаватыя, ідуць на тэрміны па 10-15 год. Неверагодна проста. Незразумела, чаму указ нумар шэсць не распаўсюджваецца на нашы банкі? Абсалютна не зразумела. Што толькі не рабілі…

Р.Р. Спадар Алег, калі я пытаў пра кампетэнтныя органы, то хацелася б даведацца хто цяпер займаецца выяўленнем незаконных плыняў наркотыкаў?

Алег Калінкоў:  Па-першае, Нацыянальны банк Беларусі, ён кантралюе банкі на прадмет адкрыцця рахункаў.  Па-другое, у Беларусі ёсць закон пра супрацьдзеянне адмыванню грошай, якія былі атрыманы незаконным спосабам. Гэта кантралюе Камітэт дзяржкантроля. У ім ёсць такая структура, як Дэпартамент фінансавага маніторынга. Я звяртаўся і туды, але там мяне нават і прыняць не захацелі.  І ў рэшце рэшт гэта міліцыя, у іх  у структуры ёсць аддзел, які займаецца кампутарнай бяспекай. Гэта значыць, што структураў больш чым дастаткова. Але функцыянуюць наркадылеры абсалютна безпакарана.

Р.Р. Якімі плацёжнымі сістэмамі карыстаюцца звыкла спажыўцы наркотыкаў?

Алег Калінкоў: У „Белгазпрамбанку” – плацёжная сыстэма  Easy pay, а „Тэхнабанк” – гэта плацёжная сістэма Webmaney. Так званы электронныя грошы, электронныя мамоны. З дапамогаю гэтых сыстэмаў і праходзіць безкантактны спосаб продажу наркотыкаў.

Р.Р. -Тэма наркотыкаў ня моцна гучыць у СМІ?

Алег Калінкоў: Ну, а ці шмат ведалі грамадзяне пра 58-ы артыкул (артыкул – Вораг народу – у савецкім крымінальным заканадаўстве)? Таксама думалі, што гэтае ліха абміне ўсіх. Але да тае пары, пакуль не прыходзілі па начах. Таму маці асуджаных і іх сваякі не распаўсюджваюцца, што іх дзеці асуджаны. Да пары, пакуль, хто з сваякоў, альбо блізкіх не трапляе пад дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. І абвінавачванні ў 328-ым артыкуле Крымінальнага кодэксу: Захоўванне і распаўсюд наркотыкаў. Таму, усе маўчаць, да пары, пакуль не закране. Трынаццаць тысяч асуджаных!!! Інфармацыя ўжо ідзе. А тым больш, што ёсць яшчэ і смяротныя выпадкі. Ад спажывання наркотыкаў людзі паміраюць. Кожны год, каля ста чалавек памірае ад наркотыкаў. Ад перадозу, альбо ад наступстваў прымянення. 86 чалавек толькі ў 2016 годзе загінула ад наркотыкаў у Беларусі. Але, чым больш ідзе барацьба з наркотыкамі ў нашай дзяржаве, тым больш з’яўляецца інтэрнэт-крамаў, якія іх распаўсюджваюць. Па маіх падліках, цяпер іх каля сотні.

На фота: Даведкі з „ААТ Тэхнабанк”, якая была прад’яўлена ў суд, дзе былі ўказаны рахункі банка, што былі адкрытыя з парушэннем указа прэзідэнта №6.

Фота: Скрыншот мэсэнджара з рахункам „ААТ Тэхнабанк”. Мэсэнджар – праграма абмена паведамленнямі праз інтэрнэт.

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя