Алег Калінкоў: Не ведаю, чаму да мяне прыйшлі



Праваабаронца Алег Калінкоў стаў пакуль адзіным у Гародні да каго раніцай 16 лютага 2021 году прыйшлі міліцыянты.

Пра тое, што ў яго адбывалася распавядае Алег Калінкоў:

А палове на восьмую званок у дзверы. Я яшчэ спаў. Гляджу ў “вочка”. Стаяць у форме. Кажуць: адчыніце дзверы, прыйшлі з ператрусам, і пастанову паказваюць. І пачалі дзверы выломваць… Шукалі зброю, дакументы ўсе пераглядзелі, судовыя ўсе справы пераглядзелі. У мяне шмат такіх спраў. Кожны аркуш пераглядзелі. Забралі кампутар, тэлефон і блакнот, дзе былі занатаваны мае банкаўскія карткі, рахункі ў Беларусбанку.

Апроч кватэры, дзе пражывае Алег, сілавікі завезлі яго таксама на лецішча, дзе таксама адбыўся ператрус.

– Шукалі зброю, дакументы, грошы. Іх цікавілі грошы, якія ёсць. На лецішчы нават у падвал схадзілі. У падвале таксама наладзілі ператрус.

РР: У межах якой справы гэта ўсё адбывалася?

– Артыкул 342 Крымінальнага кодэкса “Арганізацыя масавых беспарадкаў”, які ўзбуджаны менскім рэспубліканскім Следчым камітэтам.

Алег Калінкоў не разумее, з чым звязаныя гэтыя ператрусы, бо на дадзены момант ён займаецца толькі дапамогай падманутых грамадзянаў, а да ніякіх грамадскіх арганізацый дачынення не мае.

Беларускае Радыё Рацыя