Алег Калінкоў: У Беларусі не хочуць спыніць бескантактны продаж наркотыкаў
Судовы прэцэдэнт у Гародні. Абласны суд адхіліў касацыйную скаргу грамадскіх актывістаў, якія спрабавалі супрацьдзейнічаць гандлю наркотыкамі праз інтэрнэт. Грамадскія арганізацыі “Матчын рух 328” і Таварыства абароны правоў спажыўцоў “Рэвізор” падалі пазоў у суд на беларускія банкі, якія даюць магчымасць адкрываць разліковыя рахункі без папярэдняй ідэнтыфікацыі асобы і з-за межаў Беларусі.
Гэтай магчымасцю актыўна карыстаюцца ў сваіх мэтах наркагандляры, – лічыць адзін з пазоўнікаў Алег Калінкоў.
– Звярталіся мы і ў міліцыю. Але ў міліцыя кажуць, што інфармацыя або несапраўдная, або пачакайце, мы гэта ўсё праверым. Але нічога не правяраюць, яны як працавалі, так і працягваюць працаваць. Як прадавалі ў Беларусі наркотыкі, так і прадаюць, і нічога з гэтым немагчыма зрабіць. Ужо пасадзілі каля 13 тысяч асуджаных. Але не могуць закрыць рахункі, каб на іх не паступалі грошы, каб нельга было прадаваць наркотыкі бескантактным спосабам. У Беларусі гэта ніяк не атрымліваецца.
Па словах Калінкова, толькі праз адзін разліковы рахунак за паўгады яго дзейнасці можа праходзіць да некалькі соцень тысячаў даляраў.
Адказчыкамі ў Гарадзенскім абласным судзе выступалі “Белгазпромбанк” і “Тэхнабанк”.
Андрусь Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя