Алег Латышонак: Саветы гналі дзясяткі тысяч беларусаў на Варшаву



15 жніўня ў Польшчы дзяржаўнае свята – Свята Войска Польскага. Свята прымеркаванае да чарговай гадавіны Варшаўскай бітвы, якая адбылася ў жніўні 1920 года паміж Войскам Польскім і Чырвонай арміяй, і якую таксама называюць «Цудам над Віслай».

Якое дачыненне да бітвы мелі беларусы і якое значэнне мела яна для Беларусі? Расказвае прафесар універсітэта ў Беластоку, гісторык Алег Латышонак:

– Палякі абаранілі сваю незалежнасць. Для Беларусі вынік быў такі, што яна была падзелена паміж Польшчай і Савецкай Расеяй. А пасля была створана Савецкая Беларусь. Для беларусаў гэта вельмі добрага выніку не мела. Трэба яшчэ падкрэсліць, што ў вырашальны момант пад Радзымінам змагаліся жыхары Беларусі супраць жыхароў Беларусі, паколькі біліся Літоўска-беларуская дывізія, дзе літоўцаў зусім не было, а было вельмі многа беларусаў, супраць Беларускай брыгады ў складзе Омскай дывізіі. Якраз рэзаліся на штыкі на вуліцах Радзыміна беларусы па абодва бакі.

Апрача ўзгаданай Літоўска-беларускай дывізіі, якая мела вырашальнае значэнне ў гэтай бітве, трэба ўзгадаць  групу генерала Булак-Балаховіча, якая змагалася супраць конарміі Будзёнага. І ў манеўры з-над Дняпра, які прымусіў да хуткага адступлення бальшавікоў, таксама прымала ўдзел. І з гэтага ўсяго імпэту пайшла на ўсход, зламала бальшавіцкі фронт і вызваліла Пінск. Так што беларусы таксама ў гэтай бітве вельмі моцна сваю прысутнасць запісалі.

Саветы гналі дзясяткі тысяч беларусаў на Варшаву. Яны правялі прымусовы набор рэкрутаў на Беларусі без навучання, проста пагналі. І людзі мусілі ісці, бо калі прызыўнік не з’яўляўся на пункт збору, расстрэльвалі цэлую сям’ю. Таму гэта вельмі трагічная падзея для Беларусі. Пра што, дарэчы, ніхто не згадвае. Для мяне гэта сямейная гісторыя, бо сярод тых, каго пагналі на Варшаву, быў брат майго дзеда. Пасля ён уцёк з арміі, трапіў у бальшавіцкую аблаву, і яго забілі. Але гэта лёс дзясяткаў тысяч маладых беларусаў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыла Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток