Алег Пінчук прызначаны старшынём Тумілавіцкага сельсавета. Людзі – супраць
Жыхары Тумілавічаў і яшчэ чатырох суседніх вёсак супраць прызначэння на пасаду старшыні Тумілавіцкага сельсавета былога кіраўніка Докшыцкага раёна Алега Пінчука. 19 сакавіка на сходзе дэпутатаў і жыхароў яго прадставіў нядаўна прызначаны старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Кавалёнак.
Старшыня Докшыцкага райвыканкама Алег Кавалёнак
Вяскоўцы не хочуць пагаджацца з тым, што іх былы старшыня Генадзь Пацэвіч сыходзіць, як кажуць яны, у добраахвотна-прымусовым парадку, каб вызваліць месца Пінчуку (які нядаўна падчас палявання застрэліў бізнесмена з Менску, зараз вядзецца следства). За два гады кіравання Пацэвіча людзі прыкіпелі да яго душой, бо ён, сапраўды, працаваў з народам і для народа.
Кажуць жыхары Тумілавіцкага сельскага савета:
– Ён добры чалавек. Гэты чалавек сапраўды працаваў з людзьмі. Ні адзін не працаваў так, як наш старшыня сельскага савета Генадзь Пацэвіч. Усё рабіў, людзі за ім ідуць.
– Мы не толькі за Пацэвіча, мы больш супраць Пінчука.
– На сход мы ўжо збіраемся другі раз, і подпісы таксама. Цяпер мы сабралі подпісы літаральна за дзве гадзіны, і падпісалася каля 200 чалавек.
Але цяперашні кіраўнік раёна Алег Кавалёнак агучыў новае прызначэнне, нягледзячы на незадаволенасць людзей і сказаў, што распараджэнне ўжо падпісанае:
– Распараджэннем старшыні райвыканкама прызначаецца выканаўчы абавязкаў старшыні сельскага савета і хачу вам яго прадставіць – Пінчук Алег Леанідавіч. Не буду хаваць ад усіх, у прынцыпе вы ўсе ведаеце тую трагедыю, якая адбылася ў Алега Леанідавіча. Гэта для ўсёй краіны не сакрэт. Таму нейкі час ён дапрацуе тут старшынём, а потым далей будзе вызначацца яго лёс.
Кіраўнік Докшыцкага раёна Алег Кавалёнак паабяцаў людзям, што як Пінчук адпрацуе 2 месяцы, да сваёй працы зноў вернецца Генадзь Пацэвіч, як і таго жадаюць людзі. Але жыхары Тумілавічаў і прылеглых вёсак яму не вераць і плануюць надалей збіраць подпісы ў падтрымку свайго ўжо былога старшыні Генадзя Пацэвіча. Нават думаюць звяртацца ў адміністрацыю прэзідэнта.
Як сказалі журналістам людзі, яны будуць сачыць за сітуацыяй, а разам з імі і радыё “Рацыя”. І праз два месяцы ўсе даведаюцца, ці трымаюць свае абяцанні докшыцкія ўлады.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя