Алег Шэпель: Расейскі сцяг – не палітычная акцыя
Кіраўнік Паралімпійскага камітэта Алег Шэпель падвёў вынікі выступлення беларускіх спартсменаў на Паралімпіядзе-2016 і яшчэ раз распавёў пра “акцыю з расейскім сцягам”.
Нагадаем, усяго ў скарбонцы беларускай зборнай 10 медалёў, у тым ліку 8 залатых і 2 бронзавыя ўзнагароды. Больш за ўсё ўзнагарод у плыўца Ігара Бокія, ён заваяваў 7 медалёў (6 залатых і 1 бронзавы). Акрамя таго, у яго два рэкорды свету, шэсць рэкордаў Паралімпійскіх гульняў. Чэмпіёнамі таксама сталі плывец Уладзімір Ізотаў і Андрэй Праневіч (фехтаванне на калясках). Бронза ў кіданні кап’я – у Аляксандра Трыпуця. Беларусь на 19-м месцы ў агульным заліку, калі лічыць па залатых медалях.
Дададзім, што праславілася беларуская дэлегацыя ў Рыа не толькі медалямі. На цырымоніі адкрыцця Паралімпіяды прадстаўнік беларускай спартыўнай дэлегацыі Андрэй Фомачкін пранёс расейскі сцяг. За гэта ён быў пазбаўлены акрэдытацыі. Як пазней расказала прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант, акцыя была падтрымана Аляксандрам Лукашэнкам.
“Я лічу, што Паралімпіяда была для нас паспяховай, – распавёў сёння Алег Шэпель падчас сустрэчы з журналістамі. – Напярэдадні ў нас быў план – 10 медалёў, і мы яго выканалі. Дарэчы, на мой погляд, медалёвыя планы павінны быць абавязкова. Бо, калі дзяржава ўкладвае грошы, павінен быць і вынік. Ва ўсіх сферах. Дарэчы, у нас магло быць і больш медалёў, але крыху не пашэнціла… Хаця мяне парадавала, што турыстаў у Рыа мы не вазілі. На Паралімпійскіх гульнях з 21 беларускага спартоўца 18 патрапілі ў фінальную васьмёрку. Гэта вельмі прыстойны вынік. Увогуле, я прытрымліваюся правіла, што на такія спаборніцтвы павінны ехаць тыя, хто рэальна можа змагацца за першую васьмёрку”.
Што датычыцца арганізацыі Паралімпіяды, то ў спадара Шэпеля засталіся пытанні да арганізатараў. “Я быў шмат на якіх Гульнях, але па арганізацыі гэта была адна са слабейшых Паралімпіяд, – паведаміў ён. – Хаця па эмоцыях бразільцы вельмі добрыя людзі. Заўзелі не толькі за сваіх, але і за ўсіх. Вельмі тэмпераментны народ!”
Не абмінуў кіраўнік беларускага Паралімпійскага камітэта і тэму праносу расейскага сцяга прадстаўніком беларускай дэлегацыі.
“Я казаў і кажу, што гэта было рашэннем каманды, – заявіў Алег Шэпель. – І гэта нельга лічыць палітычнай акцыяй, бо паралімпійскі рух – адна сям’я, і калі адлучылі ад спаборніцтваў усю расейскую каманду без нейкіх доказаў, то і мы не маглі прамаўчаць супраць несправядлівасці. Калі б спачатку алімпійскую зборную Расеі адлучылі ад удзелу ў Алімпіядзе, а затым паралімпійскую, то гэта выглядала б хаця б лагічна. А так пад рэпрэсіі патрапілі толькі паралімпійцы, хаця ў алімпійскай зборнай, напэўна, грахоў было куды больш. Вінаваты чыноўнікі? Дык пакарайце чыноўнікаў. У нас жа ў правах чалавека запісана, што чалавек не нясе калектыўную адказнасць. Але заблакавалі менавіта інвалідаў. Лічу, гэта самае несправядлівае рашэнне за ўсю гісторыю паралімпійскага руху. Таму мы правялі акцыю ў падтрымку паралімпійцаў, для якіх спорт – сэнс жыцця. Калі чалавек карысны грамадству, то гэта і ёсць у вышэйшай ступені рэабілітацыя. Дарэчы, практычна ўсе спартоўцы і дэлегацыі падтрымалі нашу акцыю. Калі не афіцыйна, то ў кулуарах…”
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота rsport.ru