Алег Трусаў: Ад слоў да справы ўлада пераходзіць не жадае
Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны атрымала адказ з Міністэрства адукацыі на зварот пра стварэнне Нацыянальнага ўніверсітэту з навучаннем на беларускай мове. Старшыня ТБМ Алег Трусаў адзначыў, што зварот быў накіраваны ў Савет міністраў і Адміністрацыю прэзідэнта. Але яго перанакіравалі ў Міністэрства адукацыі. Ведамства на 3,5 старонках падрыхтавала справаздачу з пералікам «устаноў, якія ўносяць значны ўклад у развіццё беларускай мовы і культуры», паведамляе, што ў «кожнай установе вышэйшай адукацыі выкладаецца абавязковая дысцыпліна «Беларуская мова» і што «выдаюцца вучэбныя дапаможнікі на беларускай мове».
Каментуе адказ Алег Трусаў:
– Пакуль што ўлада ад слоў да справы пераходзіць не жадае. Слоў шмат прыгожых, а вось спраў пакуль няма. Універсітэт ім не патрэбны, і нават факультэт, дзе цалкам усё было б па-беларуску, не патрэбны. Нават гісторыю і геаграфію Беларусі, нягледзячы на выказванні кіраўніка дзяржавы, па-ранейшаму ў асноўным выкладаюць па-руску. А тыя настаўнікі, якія ўсё ж такі выкладаюць, не маюць падручнікаў. Немагчыма купіць падручнік па гісторыі Беларусі па-беларуску.
Паводле Алега Трусава, у справаздачы Міністэрства адукацыі «замаскіраваны» і адказ па сутнасці: «Стварэнне асобнага беларускамоўнага факультэта ў БДУ не дазволіць якасна арганізаваць вучэбны працэс пры наяўнасці рознапрофільных спецыяльнасцяў і спецыялізацый». А завяршаецца справаздача прапановай, у выпадку нязгоды, абскарджваць адказ у парадку, прадугледжаным законамі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя