Алег Трусаў: Беларуская мова самая блізкая да кітайскай з усіх славянскіх



Магчымасць стварэння кітайска-беларускага размоўніка разглядае “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны”.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў, выступаючы на шостым Міжнародным кангрэсе беларусістаў ў Менску, заявіў, што “ўлічваючы асаблівыя адносіны Беларусі і Кітая, было б добра стварыць кітайска-беларускі размоўнік:

– Так сталася, што беларуская мова самая блізкая да кітайскай з усіх славянскіх. У беларускай мове ёсць «Дж» «Дз», ў кітайскай мове ёсць. І кітайцу загаварыць па-беларуску вельмі лёгка. Я пераканаўсяў у гэтым, калі ўключыў тэлевізар і ўбачыў – Лукашэнка па-беларуску загаварыў. Я падумаў: нешта здарылася. Аказваецца прыехалі два кітайскія журналісты, інтэрв’ю бяруць, і адзін з іх на цудоўнай беларускай мове задае Лукашэнку пытанні, а той мусіць і адказваць па-беларуску. 

Алег Трусаў нагадаў, што за апошнія гады ТБМ выдала англа-беларускі і шведска-беларускі размоўнікі, а цяпер працуе над стварэннем французска-беларускага і рыхтуецца прыступіць да фінска-беларускага размоўнікаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя