Алег Трусаў: Большасць жыхароў Беларусі ставяцца да роднай мовы, як да святыні



Сябра рады Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавёў, чаму сёння сустракаюцца беларусы, якія абразліва ставяцца да роднай мовы.

Як вядома, трэнер дзіцяча-спартыўнай школы Іна Кардабнёва з аграгарадка Ціманава пад Клімавічамі “праславілася” пасля таго, як запісала абразлівае відэа пра беларускую мову.

Пасля гэтага яе выклікалі на размову ў райвыканкам, а таксама жанчыну публічна асудзіў старшыня Федэрацыі лёгкай атлетыкі Вадзім Дзевятоўскі.

Адкуль бяруцца тыя, каму ў радасць абразіць беларускую мову?

Алег Трусаў: Гэтая дзяўчына – прадукт расейскай прапаганды, а, магчыма, і расейскіх сілавікоў. Мне падаецца, што за ёй нехта стаіць. Напрыклад, яна сцвярджае, што ёсць дзве сапраўдныя мовы – расейская і ўкраінская, хваліць іх.

Звычайна кабета, якая жыве ў нейкіх Клімавічах і наўрад ці чула нармальную ўкраінскую мову, увогуле пра яе не ўспомніла б. Яна б сказала проста: “Беларуская мова кепская, давайце ад яе адмовімся”.

Але ж тут ужо гучыць тэма Украіны, і я бачу, што гэта не проста так. Не выключана, што ёй загадалі ўбіваць клін у беларуска-ўкраінскія стасункі. Не веру, што гэта самадзейнасць асобнай жанчыны з Клімавіч. Я – палітык вопытны, таму бачу тут расейскі след. Камусьці трэба пасварыць беларусаў з украінцамі, і гэтыя спробы нас пасварыць ідуць яшчэ з часоў Савецкага Саюза. І вось зараз гэтае супрацьстаўленне ізноў загучала.

РР: Але адлуп у каментарах ёй далі добры..

Алег Трусаў: Адлуп далі вельмі моцны, хаця месцамі выказванні былі не зусім цывілізаваныя. Але я заўважыў, што шмат беларусаў устаўлялі мазгі трэнеру на расейскай мове.

Адным словам, народ, які яшчэ не гатовы гаварыць па-беларуску, лічыць беларускую мову нацынальнай каштоўнасцю ў адрозненні ад гэтай кабеты. Мы дайшлі да таго ўзроўню, што большасць жыхароў Беларусі ставяцца да роднай мовы, як да святыні, а не як да калгаснай мовы, што было ў Савецкім Саюзе. Амаль 30 гадоў незалежнасці ўсё-такі павярнулі свядомасць нацыі ў іншы бок.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя