Алег Трусаў: На маргіналаў не варта звяртаць увагі



Старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў распавядае пра тое, чаму не варта надаваць вялікай увагі візітам расейскіх ідэолагаў у Беларусь.

Алег Трусаў

Алег Трусаў

Як вядома, сустрэча ў Менску з расейскім прапагандыстам Мікалаем Старыкавым пачалася з бойкі, а пра само мерапрыемства пісалі шмат яшчэ задоўга да яго пачатку.

 Алег Трусаў: Трэба прызнаць, што частка грамадзянаў Беларусі хоча слухаць такіх вось «старыкавых». І не абавязкова беларусаў, бо ў краіне хапае і іншых нацыянальнасцяў. Натуральна, ёсць і адэпты «русского мира», іх нямала. Але сказаць, што такіх большасць, таксама нельга. Гэта такая агрэсіўная меншасць, але, дзякуй Богу, што меншасць.

РР: Чаму беларускія ўлады спакойна ставяцца да такога кшталту імпрэзаў?

Па-першае, улады ўсё-такі ў дзвух мерапрыемствах Старыкаву адмовілі, таму сустрэчу яму давялося праводзіць у Доме Масквы. Па-другое, тых, хто крычаў «чамадан-вакзал-Расея», у пастарунак таксама не забралі. А маглі гэта зрабіць лёгка. Гэта дэманстрацыя, што, маўляў, у нас таксама дэмакратыя – і такія ёсць, і іншыя. Хоць сама ўлада баіцца гэтага «русского мира», як агню. Але ж грошы ўладзе адкуль ідуць? З таго самага «мира». Таму яна і спрабуе заняць пазіцыю «ні нашым, ні вашым». Але, калі з уладай для мяне ўсё зразумела, дык пазіцыя незалежных СМІ проста здзіўляе.

РР: Чаму?

— Калі б пра гэтага Старыкава ніхто не пісаў, дык сабраліся б 20 ветэранаў – і забыліся. А мы фактычна самі робім піяр нейкім маргіналам, на якіх наогул не варта звяртаць увагі. Часам СМІ не разумеюць таго, што любая (нават адмоўная) інфармацыя ідзе на карысць таму, хто прыязджае. Калі б усе маўчалі пра гэтага Старыкава, то і не ведалі б пра яго людзі да гэтага часу. А зрабілі ж ледзь не “зорку”! Быццам бы няма пра што пісаць. Няхай бы лепш пісалі пра беларускія школы ці беларускія выданні, і то карысці было б больш.

РР: Ці ёсць нейкая небяспека ў такіх візітах ідыёлагаў “русского мира”?

— У саміх сустрэчах няма. Самая страшная небяспека – у прапагандзе, якая штодзень льецца на людзей з расейскіх тэлеканалаў. Тым больш, што там мазгі прамываюць больш якасна і прафесійна, чым нейкі маргінал Старыкаў.

 Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя