Алег Трусаў: Напішы ліст з просьбай падпісаць магілу Каліноўскага па-беларуску



Неўзабаве адбудзецца перапахаванне парэшткаў паўстанцаў 1863 года, у тым ліку і Кастуся Каліноўскага. Парэшкі былі выяўлены летась на Замкавай гары ў Вільні.

Літоўскія ўлады не разглядаюць неабходнасць подпісу імёнаў на магіле паўстанцаў па-беларуску побач з мовай літоўскай. Паўплываць на змену гэтага рашэння можа грамадская думка беларусаў, але неабходны звароты ў прадстаўніцтвы Літвы ў Беларусі і на імя прэзідэнта краіны, – мяркуе Алег Трусаў, гісторык, дэпутат Верхоўнай Рады Беларусі 12-га склікання.

– Я раю кожнаму грамадзяніну Беларусі, незалежна ад веравызнання, нацыянальнасці, напісаць адпаведны ліст альбо літоўскаму консулу, альбо літоўскаму амбасадару, альбо нават прэзідэнту Літвы з просьбай нашага нацыянальнага героя падпісаць у тым ліку і па-беларуску. Калі ведаеш літоўскую мову, напішы спачатку па-літоўску, літоўцам вельмі спадабаецца. Не ведаеш, пішы па-беларуску. І калі будзе некалькі тысяч подпісаў – усё будзе добра.

Гарадзенская грамада беларусаў неўзабаве падрыхтуе адмысловы калектыўны зварот да прэзідэнта Літоўскай Рэспублікі Далі Грыбаўскайце.

Алег Трусаў звяртае ўвагу да станоўчых прыкладаў, калі многія памятныя шыльды беларускім дзеячам у Вільні былі пазначаны таксама па-беларуску. 

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя