Алег Трусаў: Народ зразумеў, што яны беларусы



У Менску прайшла першая ў 2021 годзе Рада ТБМ. Клопат пра статус нацыянальнай мовы ў Беларусі, новыя экзамены для школьнікаў, прыхільнасць да беларускай мовы і спробы яе практычнага засваення – гэта найбольш важныя тэмы, якія былі ўзнятыя на сустрэчы.

Сябра Рады Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў мяркуе, што з’явілася шмат новых людзей, зацікаўленых у тым, каб беларуская мова вярнула сябе статус адзінай дзяржаўнай:

– У жніўні на вуліцы выйшлі тысячы людзей, якія расейскамоўныя па свайму характару, якім было далёка да нашай сімволікі, да нашай гісторыі. Народ, які быў насельніцтвам, адразу зразумеў, што яны беларусы. Раней, да гэтых падзей, казаць, што мы беларусы, было неяк не прынята. Нават людзі, якія былі патрыётамі, стараліся казаць: „Мы грамадзяне Беларусі”. Калі казаць беларусы, гэта як бы нейкі нацыяналізм. Зараз гэта пайшло ўсюды, нават „ябацькі” крычаць „За Беларусь!” і „Мы беларусы!”.

Складанай застаецца праблема аплаты за арэнду памяшкання офісу. Пандэмія пабурыла шмат планаў, якія маглі б аблегчыць фінансавыя праблемы арганізацыі. Усім, хто можа дапамагчы ахвяраваннем найстарэйшай арганізацыі Беларусі, сакратарыят ТБМ будзе вельмі ўдзячны.

Беларускае Радыё Рацыя