Алег Трусаў пракаментаваў адказ Мінкульта



«Атрымаў адказ на калектыўны зварот з просьбай прадаставіць Святлану Алексіевіч да прысваення звання “Герой Беларусі”», — напісаў у сваім Facebook грамадскі актывіст Уладзь Сташкевіч. Пад зваротам падпісаліся 334 чалавекі.

«Званне “Герой Беларусі” з’яўляецца найвышэйшай ступенню адзнакі Рэспублікі Беларусь і прысвойваецца за выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам, звязаныя з подзвігам, здзейсненым у імя свабоды, незалежнасці і працвітання Рэспублікі Беларусь, таму Святлана Алексіевіч не можа быць вылучаная на атрыманне прэміі», – гаворыцца ў адказе намесніка міністра культуры Беларусі Васіля Чэрняка.

Адказ каментуе старшыня Тваварыства беларускай мовы Алег Трусаў:

– Усё залежыць ад таго, ці захоча яна яго браць. Запытайце ў яе. Калі б яна захацела яго ўзяць з маіх рук, то я б ёй даў. Такія моманты павінен вырашаць кіраўнік дзяржавы, не чакаючы лістоў і просьбаў грамадзянаў. У іншай краіне яна б атрымала вышэйшую ўзнагароду літаральна ў той жа дзень, калі абвесцілі пра прысваенне ёй Нобеля.

У той жа час Алег Трусаў лічыць, што падобныя звароты грамадзянаў не на карысць першай беларускай набелістцы Святлане Алексіевіч, бо гэта можна палічыць прыніжэннем яе вартасці. “Калі Лукашэнка ў першы ж дзень не захацеў даваць ёй “Героя Беларусі”, то ён і не дасць”, – адзначае старшыня ТБМ.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота tut.by