Алег Трусаў: З мяне і Пазьняка таксама смяяліся, але настаў час Х
Гаворачы пра тое, што ўлада Лукашэнкі не дазволіць прыватнаму Універсітэту імя Гілевіча спакойна працаваць і прадастаўляць беларусам права атрымаць вышэйшую адукацыю на беларускай мове, Зянон Пазьняк не мае рацыі.
Так лічыць выканаўца абавязкаў рэктара будучай вышэйшай навучальнай установы Алег Трусаў.
– Пазьняк пярэчыць сам сабе. Калі мы з Пазьняком прыйшлі ў парламент і рабілі законы дзень і ноч, над намі ўсе смяяліся. Праз два гады момант Х настаў, а законы гатовыя. І гэты парламент прыняў і сцяг, і герб. Але гэта мы рабілі за два гады да моманта Х. Наша мэта – зрабіць для будучага ўніверсітэта ўсё што можна. Хто ведае, што будзе праз год ці два. Мяняецца ўлада, а ў нас усё гатова. Па-другое, і сённяшняя ўлада, каб спадабацца, напрыклад, Захаду, можа такі ўніверсітэт дазволіць, каб не траціць грошы. А з гэтага ўніверсітэта яны будуць мець даход, мы і зараз плацім падаткі.
Ва ўніверсітэце ўжо створаны 6 кірункаў, па якіх будзе весціся навучанне. У дадзены момант вядзецца праца па напісанні навучальных праграм, а затым Універсітэт будзе прэтэндаваць на ліцэнзію.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя