Алег Трусаў заклікае даць у продаж падручнікі на беларускай мове



Гісторыю Беларусі і геаграфію будуць выкладаць на беларускай мове – не выключае міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. Да канца студзеня гэтае пытанне абмяркуюць як у самым Міністэрстве, так у сярэдніх школах, і ў раённых аддзелах адукацыі. Міністр таксама выказаў упэўненасць, што з часам больш за палову прадметаў будзе выкладацца на “роднай мове”.

“Насамрэч, усё залежыць ад нас з вамі, а пакуль што гэта толькі прыгожыя словы”, – каментуе старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў:

– А нядаўна я атрымаў адказ ад намесніка міністра, што вяртанне выкладання гісторыі і геаграфіі па-беларуску – гэта доўгая песня, яны там мусяць нейкія змены ў кодэксы ўносіць і гэтык далей. Больш за тое, і цяпер ёсць настаўнікі, выкладчыкі, якія навучаюць гісторыі і геаграфіі па-беларуску, але падручнікаў па-беларуску – няма. Таму настаўнікі дыктуюць, а вучні канспекты пішуць. Няўжо нельга надрукаваць пару тысяч падручнікаў і даць у крамы? Так што пакуль гэта толькі прыгожыя словы.

“Таму хачу звярнуцца праз вашае радыё да міністра адукацыі, каб тэрмінова быў арганізаваны продаж падручнікаў па гісторыі Беларусі і геаграфіі на беларускай мове. Гэтыя падручнікі нават ёсць, у прыватнасці, у вясковых школах, дастаткова толькі даць іх у продаж”, – дадае Алег Трусаў.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота budzma.by