Алег Трусаў: Жарсці вакол Тарашкевіча маюць спекулятыўны характар
Браніслаў Тарашкевіч быў сынам свайго часу. Беларускія культурныя і грамадскія дзеячы як у Беларусі, гэтак і на Падляшшы з неразуменнем ставяцца да планаў ваяводскіх уладаў у рамках палітыкі дэкамунізацыі перайменаваць вуліцу і гімназію ў Бельску-Падляшскім, названыя ў гонар славутага беларускага мовазнаўца.
Усе гэтыя жарсці вакол асобы Браніслава Тарашкевіча маюць збольшага спекулятыўны характар з боку існуючых польскіх уладаў, кажа ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў.
– Справа ў тым, што тая ўлада, якая зараз прыйшла ў Польшчу, крыху нагадвае тую саму камуністычную ўладу. Нездарма польская эліта пасмейваецца з яе. Так і тут. Тым больш, што Тарашкевіч ніколі сапраўдным камуністам не быў, гэта быў чалавек левых поглядаў, але не камуністычных. І ён запісаўся па палітычных момантах на некалькі гадоў у Заходнюю камуністычную партыю, якая вельмі адрознівалася, дарэчы, ад Партыі БССР. І не трэба забываць, што ўсіх заходніх камуністаў расстралялі па загадзе Сталіна. Вы ведаеце, у 1938 годзе гэтую партыю закрылі, а ўсіх яе сяброў рэпрэсавалі. Таму мне здаецца, што тут не столькі такая антыкамуністычная пазіцыя, колькі праскоквае, мякка кажучы, антыбеларуская. Яна чытаецца, як кажуць, прамым тэкстам. Тым больш, ёсць у Польшчы палітычныя сілы, якія ўсіх беларусаў называюць камуністамі. І ёсць публікацыі. Можна прыгадаць сабе і шэсці польскіх ультранацыяналістаў на Беласточчыне. Таму мне здаецца, што пад выглядам камунізму ідзе змаганне з беларускай культурніцкай дзейнасцю.
Ігар Кузняцоў, гісторык:
– Па-першае, тут трэба вызначыць дакладныя крытэры, каб казаць, хто працаваў на камуністаў, на савецкую ўладу, а хто ёй супрацьстаяў ці сваімі дзеяннямі наадварот спрыяў адраджэнню нацыянальнай ідэі. Таму якраз постаць Тарашкевіча – гэта як не бывае чорнага і белага. Чалавек, які жыў у савецкіх умовах, незаўсёды быў змагаром. І ў такіх умовах проста сказаць, што я супраць савецкай улады, і тут жа загінуць – мала хто быў на такое здольны. Таму я ні ў якім разе не папікаў бы гэтым Тарашкевіча. Ён шмат зрабіў дзеля беларускай нацыянальнай ідэі. Думаю, не варта пералічваць усе яго заслугі – пра гэта ўсім вядома. Таму варта ацэньваць яго перадусім як гістарычную асобу. Няма падстаў пазбаўляць яго імені. І чаму палякі даюць катэгарычную ацэнку таму ж Тарашкевічу, які быў знішчаны, рэпрэсаваны савецкай уладай? Калі б яго рэпрэсавалі ў Польшчы, тады б былі іншыя ацэнкі.
Я думаю, што прапанова дырэктара Інстытута нацыянальнай памяці правесці супольную сустрэчу польскіх і беларускіх гісторыкаў і абмеркаваць гэтае пытанне – самае разумнае рашэнне ў гэтай сітуацыі. Мяркую, што польскі бок павінен усе гэтыя аргументы беларускіх гісторыкаў успрыняць. Звярніце ўвагу, ніхто з беларускіх гісторыкаў – ані афіцыйных, ані неафіцыйных – не выступіў з падтрымкай гэтай прапановы. Тут бачым адзінства ўсіх беларускіх гісторыкаў. Таму польскі бок проста абавязаны да гэтага прыслухацца. Бо гэта менавіта той гістарычны дзеяч, памяць пра яго павінна быць увекавечаная, павінна застацца.
Браніслаў Тарашкевіч вядомы найперш як першы ўкладальнік беларускай граматыкі для школ. У 20-30-я гады мінулага стагоддзя Тарашкевіч жыў на тэрыторыі Заходняй Беларусі, што ўваходзіла ў тыя часы ў склад Другой Рэчы Паспалітай. Прытрымліваючыся левых поглядаў, ён вёў актыўную палітычную дзейнасць, абіраўся паслом у Польскі сейм. За сваю дзейнасць Тарашкевіч неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1933 годзе ў выніку абмену палітзняволенымі выехаў у СССР, дзе пазней у 193-ым быў закатаваны ў турме НКВД.
29 лістапада лічыцца афіцыйнай датай расстрэлу Браніслава Тарашкевіча.
Павел Генадзіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск