Алег Волчак: Без мяне мяне судзілі



Кіраўнік зарэгістраванага ў Кіеве праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак распавядае пра тое, як яму завочна “выпісалі” 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Алег Волчак: Гісторыя пачалася яшчэ 23 сакавіка, калі Фрунзенскі суд Менска пакараў мяне 13 суткамі быццам бы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі супраць дэкрэта аб “дармаедах”, якая прайшла 17 лютага. На судзе мае інтарэсы прадстаўляла адвакат, а супрацоўнікі міліцыі, якія выступалі ў якасці сведак, так і не змаглі патлумачыць маю віну і нават не маглі дакладна сказаць, ці быў я наогул на плошчы. Пасля гэтага Менскі гарадскі суд разглядзеў нашу скаргу і вызначыў, што пры падрыхтоўцы справы і прыняцці рашэння былі працэсуальныя парушэнні. Справу накіравалі на новы разгляд. У мінулым месяцы я знаходзіўся ў шпіталі, а адвакат, калі вырашыла пацікавіцца перспектывамі маёй справы, была ў шокавым стане!  Аказваецца, паўторны суд па маёй справе адбыўся яшчэ 2 траўня! На працэс не запрасілі ні мяне, ні майго адваката, ні нават сведкаў-міліцыянераў.

РР: Своеасаблівы завочны суд…

Алег Волчак: Завочныя суды – гэта, відаць, такі новы від рэпрэсій, калі для суддзі ўжо ніхто і не патрэбен. Адным словам, мне выпісалі зноў 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Як кажуць, без мяне мяне судзілі.  Ім трэба было спяшацца з судовым выракам, бо 17 траўня заканчваўся тэрмін прыцягнення мяне да арышту. Зрабілі ўсё ціха і хутка – каб менш было грамадскага рэзанансу. І маглі пасля гэтага ў любы дзень забраць на вуліцы і адправіць у Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.

РР: Што зараз? Вас усё-такі накіруюць на “суткі”?

Алег Волчак: 5 чэрвеня мы ізноў накіравалі скаргу ў Менскі гарадскі суд.  Акрамя таго, я паведаміў пра сітуацыю ў розныя міжнародныя праваабарончыя структуры, якія таксама будуць сачыць за развіццём падзей. Наколькі мне вядома, яны з гэтай нагоды зробяць зварот да беларускіх уладаў. Так што пакуль я на волі…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя