Алег Волчак: Гэта сорам для арміі!
Кіраўнік праваабарочнага цэнтра “Прававая абарона насельніцтва” Алег Волчак распавядае пра тое, чаму міністру абароны варта было б пайсці ў адстаўку.
Усіх уразіла афіцыйна агучаная міністрам абароны інфармацыя, што салдат Аляксандр Коржыч, які загінуў у Печах, правісеў у пятлі 7 дзён. Як такое магло здарыцца ў арміі, што тыдзень чалавека ніхто не шукаў?
Алег Волчак: Тут відавочна, што было службовае бяздзеянне і камандзіра вайсковай часці, і яго падначаленых. Трывогу трэба было падымаць, калі салдата няма тыдзень! Гэта пацвярджае, што ў арміі няма парадку і няма баявой гатоўнасці. Таму справа Коржыча адназначна павінна быць даведзена да суда, і размова тут ідзе аб давядзенні да самазагубства. Вядома, што армейскія начальнікі хочуць захаваць гонар мундзіра, а таму яны зараз кажуць пра выхаванне ў сям’і, але ж факт такі, што малады хлопец загінуў менавіта ў арміі. Хаця я не выключаю, што рэзананс па гэтай справе ўжо прайшоў, і на гэтым барацьба з “дзедаўшчынай” можа скончыцца.
РР: Многія кажуць, што ў такой сітуацыі міністр абароны павінен быў сыйсці ў адстаўку. Якое ваша меркаванне з гэтай нагоды?
Алег Волчак: Калі я служыў у баявой часці і здаралася “ЧП” такога кшталту, то адразу ўсе камандзіры ішлі ў адстаўку. А наконт міністра абароны? Калі б я быў на яго месцы, то пакінуў бы гэтую пасаду. Ды і сам міністр распавёў, што ўзбуджана, здаецца, 48 крымінальных спраў па фактах нестатутных адносін. А што ты, міністр, увесь гэты час рабіў? Вашай адказнасці тут няма? Дзе яшчэ такое ёсць, што чалавек вісіць у пятлі тыдзень, а яны робяць выгляд, што нічога не здарылася. Міністра спорту знялі з пасады за тое, што дырэктар Палаца спорту быццам бы браў хабар, а тут што, іншая сітуацыя? І гэта не дыскрэдытацыі арміі, а яе сорам!
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя