Алег Волчак: Карупцыя як была, так і застаецца



Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак пракаментаваў гучны судовы працэс, які праходзіць гэтымі днямі ў Менску.

Нагадаем, што сярод іншых на лаве падсудных і экс-намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Беларусі, былы кіраўнік Службы аховы прэзідэнта Андрэй Уцюрын, які абвінавачваецца ў атрыманні не менш як $192 тысяч.

Акрамя гэтага, яму прад’яўленае абвінавачванне ў падбухторванні да дачы хабару гендырэктару «Белтэлекама» Сівадзедаву. На судзе Уцюрын сваю віну цалкам прызнаў. Алег Волчак: Ідзе працэс, які называюць барацьбой з карупцыяй. За краты трапляюць і чыноўнікі ніжэйшага статуса, і сярэдняга, але ўладам абавязкова трэба паказаць народу, што змагаюцца на ўсіх узроўнях – нават такім высокім.

Пакуль у дзяржаве існуе шмат розных кантралюючых органаў, якія сочаць адзін за адным, будзе і канкурэнтная барацьба, і такія гучныя суды. Больш не дзеля таго, каб насамрэч выкараняць карупцыю, а каб паказваць сам працэс барацьбы. Гэта працягваецца ўжо больш за 20 гадоў, а карупцыя, як была, так і застаецца.

РР: Можа быць, што “справа Уцюрына” – гэта нейкія разборкі паміж сілавымі кланамі?

Алег Волчак: Усё можа быць, тым больш, як ужо казаў, у краіне вельмі шмат сілавых структур і ў кожнага свае функцыі. Нехта адны курыруе пытанне, хтосьці іншыя. Калі інтарэсы перасякаюцца, то зусім магчыма, што нейкай важнай фігурай могуць і ахвяраваць, каб паказаць перад беларускім кіраўніком сваю значнасць.

Кастусь Заблоцкі, Белароускае Радыё Рацыя