Алег Волчак: МУС таксама неабходны рэформы



Праваабаронца і былы супрацоўнік пракуратуры Алег Волчак пракаментаваў прызначэнне Юрыя Караева міністрам унутраных спраў.

Нагадаем, да гэтага Караеў працаваў на пасадзе намесніка міністра ўнутраных спраў — камандуючага ўнутранымі войскамі. Папярэдні кіраўнік МУС Ігар Шуневіч займаў гэтую пасаду з 11 траўня 2012 года, але 10 чэрвеня ён падаў рапарт аб адстаўцы.

Алег Волчак: Складана прагназаваць, як будзе сябе паводзіць Караеў на новай пасадзе, але, як мне падаецца, кіраўніком такога ведамства павінен быць не спецназавец, а чалавек, які добра ведае працу следчых альбо звязаны з апратыўнай працай. Тут трэба добра ведаць праблемы шэраговых супрацоўнікаў міліцыі, каб зразумець агульную праблему для МУС. Яго папярэднік Ігар Шуневіч, па меншай меры, ведаў, што такое прафілактыка і аператыўная праца.

РР: Адстаўка Шуневіча для вас не стала нечаканасцю?

Алег Волчак: Думаю, гэта прагназавалася многімі. У апошнія тры гады было столькі “залётаў” гэтага ведамства, што Шуневіч ужо даўно павінен быць у адстаўцы. Нядаўняя смерць даішніка – таксама гучная справа, якая нарадзіла шмат пытанняў, адбыўся вельмі вялікі рэзананс. Ды і наогул самагубствы ў міліцыі сталі апошнім часам звыклай справай. Таму ў гэтай сістэме таксама трэба нешта мяняць, і новаму міністру давядзецца ўсім гэтым займацца. Хаця ўсім зразумела, што ў МУС таксама наспелі рэформы. А яны працуюць у асноўным па-старому.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя