Алег Волчак: Няма пераканаўчай доказнай базы



Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак пракаментаваў судовы працэс над прафсаюзнымі лідарамі.

Ужо тыдзень, як у судзе Савецкага раёна Менска доўжыцца працэс па гучнай “справе прафсаюзаў”. Як вядома, лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку прад’яўлена абвінавачванне па ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Па інфармацыі, якую распаўсюдзіў Следчы камітэт, Фядыніч і Комлік мелі рахунак у Літве, у 2011 годзе ад нерэзідэнтаў Беларусі на яго паступалі грошы ў замежнай валюце агульным памерам 140 тысяч еўра.

Алег Волчак: Я як юрыст не ўбачыў пакуль на судзе яскравых фактаў, якія б даказвалі віну прафсаюзных лідараў. Сведкі абвінавачвання – былыя і дзеючыя супрацоўнікі прафсаюза РЭП – на працэсе адмовіліся ад ранейшых паказанняў і заявілі, што на іх аказваўся ціск з боку следчых. З выступлення пракурора я бачу, што ў пракуратуры няма пераканаўчай доказнай базы.

Выклікаюць сумненне і паказанні сакратаркі незалежнага прафсаюза, якая заявіла, што яна “агент КДБ”. Нехта прымітыўна падставіў гэтую дзяўчынку, каб яна “засвяцілася” на судзе. Мне падаецца, што пракуратура і суд наогул не ведаюць пакуль, якія доказы прад’явіць грамадству, каб вінаватасць Фядыніча і Комліка выглядала пераканаўчай. 

РР: Нярэдка беларускія суды выносілі прысуды без аніякай “пераканаўчай” базы…

Алег Волчак: Працэс гучны, таму да яго асаблівая ўвага не толькі беларускіх назіральнікаў, але і міжнародных. Трэба ж следству і суду захаваць твар. Таму я бачу, што працэс зацягваюць.

Зараз адносная цішыня на палітычным полі, але палітычны гандаль ніхто не адмяняў. Таму суд над Фядынічам і Комлікам – гэта яшчэ і шанец пагандлявацца з Захадам і паказаць таму, калі прысуд будзе мяккім, ліберальнасць поглядаў беларускай улады. Адным словам, сёняшні судовы працэс мне больш нагадвае звычайную гульню на палітычным полі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя