Алег Волчак: Працэсы праходзяць з відавочнымі парушэннямі закона
Кіраўнік праваабарончага цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак пракаментаваў апошнія затрыманні і суды ў краіне.
1 лютага ў раённых судах Менска і іншых гарадоў Беларусі разглядаліся адміністрацыйныя справы ў дачыненні да затрыманых на мірных сходах у студзені грамадзян. Толькі ў нядзелю было затрымана больш за 160 чалавек.
Алег Волчак: Адметнасць апошніх затрыманняў у тым, што сілавікі зараз ужо не грэбуюць забіраць і пенсіянераў. Дарэчы, многіх пасля нядзельных затрыманняў адправілі на “суткі”. Абурае тое, што многія затрыманні – прэвентыўныя. Людзей затрымліваюць ужо нават не на акцыях, а да гэтага.
Затрымлівалі экскурсійныя групы, тых, хто сабраўся па інтарэсах. І, паўтаруся, асабліва хвалюе, што апошнім часам пад рэпрэсіі шмат трапляе сталых людзей, хаця іх пасля высвятлення асобы можна было спакойна адпускаць дадому да разгляду справы.
Але многіх пенсіянераў адпраўляюць на Акрэсціна, хаця ў некаторых – хранічныя захворванні. Высветлілася таксама, што пры афармленні пратаколаў супрацоўнікі міліцыі не вельмі цікавяцца станам здароўя гэтых людзей.
РР: Як паказала практыка, многія сталыя людзі ўдзельнічаюць у судовых працэсах без адвакатаў…
Алег Волчак: Таму што ў пенсіянераў няма грошай на адвакатаў, а бясплатных у нас няма. Мы, напрыклад, зараз дапамагаем жанчыне, якая дрэнна бачыць. Як яна можа сябе абараніць, калі не можа нават прачытаць пратакол?
І я не разумею, чаму не рэагуе кіраўніцтва адвакатуры, якое, упэўнены, ведае пра парушэнні правоў абароны людзей. Працэсы праходзяць з відавочнымі парушэннямі закона. Ніхто не спрабуе паставіць пад сумніў паказанні міліцыянераў, якія нярэдка элементарна хлусяць на судах.
Але хачу адзначыць, што ўсе гэтыя затрыманні і рэпрэсіі бессэнсоўныя. Яны яшчэ больш кансалідуюць людзей супраць гэтага рэжыму.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя