Алег Волчак: Следчыя вырашылі спрасціць сабе задачу
Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” і былы работнік пракуратуры Алег Волчак распавёў, чаму фота- і відэафіксацыя не можа замяніць панятых.
Следчы камітэт выступіў з прапановай замяніць панятых фота- і відэафіксацыяй. Дабівацца гэтага праваахоўнікі збіраюцца праз заканадаўцаў: суадносныя папраўкі ў Крымінальны кодэкс і Крымінальна-працэсуальны кодэкс ужо знаходзіцца на разглядзе ў Палаце прадстаўнікоў.
Алег Волчак: Нават пры Савецкім Саюзе не дадумаліся да такога абсурду – прыбраць норму панятых. Трэба разумець, што пры правядзенні следчых дзеянняў следчы павінен быць пад кантролем грамадзянскай супольнасці – незацікаўленых у ходзе следства людзей. І тады будзе давер да тых самых следчых дзеянняў.
РР: Зараз такога даверу няма?
Алег Волчак: У апошні час ён усё больш змяншаецца. Нават многія ў панятыя не хочуць ісці. А можна было б зрабіць так, каб грамадзянам плацілі за ўдзел у следчым эксперыменце ці аглядзе месца здарэння. Гэта ж усё займае час людзей, а час, як вядома, гэта грошы. Таму лепш бы панятых заахвочвалі, а не новаўвядзеннямі займаліся.
Да таго ж дзяржава павінна даваць людзям прававую адукацыю, тлумачыць, што следству трэба дапамагаць. Але Следчы камітэт, відаць, вырашыў спрасціць сабе задачу. Як мне падаецца, з фота- і відэафіксацыяй будзе больш фактаў злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі і фальсіфікацый спраў. Дэпутаты не павінны падтрымаць ініцыятыву Следчага камітэта.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя