Алег Волчак: Трагедыя 3 ліпеня ў Менску – не выпадковая



Трагедыя ў Менску, калі падчас святочнага салюту на афіцыйны Дзень Незалежнасці ад выбуху прыстасавання для запуску феерверкаў загінула жанчына і каля 10 чалавек былі паранены, не выпадковая, – лічыць кіраўнік арганізацыі „Прававая дапамога насельніцтву ” Алег Волчак. Найперш прычынамі трагедыі сталі безалабернасць, халатнасць, неналежнае выкананне сваіх абавязкаў, фармалізм і бюракратызм.

– Тут не снарад вінаваты, як зараз імкнуцца давесці. Для гэтага ёсць структуры: МНС, МУС, Мінабароны, Пракуратура, мясцовы выканаўчы камітэт, якія павінны пры падрыхтоўцы свята, тым больш у цэнтры горада, усё прадугледзець, усё зрабіць так, каб была бяспека, і каб людзі  маглі прыходзіць на свята і не хвалявацца, што такое можа здарыцца.

Алег Волчак лічыць, што ўлады не зрабілі грунтоўных высноваў ні з трагедыі на Нямізе 20 гадоў таму, калі ў цісканіне загінула 53 чалавекі, ні з выбуху падчас афіцыйнага Дня Незалежнасці ў 2008 годзе, тады былі паранены некалькі дзясяткаў чалавек. Пазней вінаватымі ў тым тэракце былі прызнаныя Зміцер Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Ні з іншых падобных выпадкаў.

Па словах Алега Волчака, пацярпелыя ад чарговага выбуху  маюць права на кампенсацыю… „Людзям трэба займаць больш актыўную пазіцыю. Пісаць хадайніцтвы, звяртацца да праваабаронцаў. Гэтыя людзі павінны быць прызнанымі пацярпелымі па справе, яны маюць права наняць адвакатаў і патрабаваць кампенсацыю праз суд, – параіў Алег Волчак.  

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

Фота people.onliner.by