Алег Волчак: У справе Шарамета яшчэ вельмі шмат пытанняў
Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” і былы следчы пракуратуры Алег Волчак ацаніў дзеянні ўкраінскіх уладаў па раскрыцці справы аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета.
Як вядома, украінская паліцыя затрымала падазраваных у датычнасці да забойства ў Кіеве 20 ліпеня 2016 года беларускага журналіста Паўла Шарамета (у яго машыны падклалі выбухоўку). У прыватнасці, праваахоўнікі затрымалі ўдзельніка баявых дзеянняў на Данбасе, вайскоўца і музыканта Андрэя Антоненку і доктарку-валанцёрку Юлію Кузьменка.
Алег Волчак: Украінскія журналісты, з якім даводзілася абмяркоўваць гэтую справу, казалі, што яна была раней досыць засакрэчаная. Прадстаўнікі СМІ рабілі фільмы пра Шарамета, праводзілі ўласныя раследванні, але справа заставалася на адным і тым жа месцы. Хаця былі і запісы відэакамер, і агентура павінна ў аператыўнікаў быць.
РР: Справу маглі раней адмыслова тармазіць?
Алег Волчак: Мне складана меркаваць пра гэта з Менска, але відавочна, што пасля прыходу Зяленскага на пасаду прэзідэнта, у сілавых структурах адбыліся шматлікія змены. Мяркуемыя выканаўцы забойства Паўла Шарамета затрыманы, але галоўныя пытанні застаюцца. Хто заказчык? Навошта было забіваць журналіста? Пабачым, наколькі прафесійна спрацуюць украінскія праваахоўнікі.
РР: На ваш погляд, “справа Шарамета” будзе раскрыта?
Алег Волчак: Важна не проста раскрыць, а аб’ектыўна раскрыць. Адна справа, калі прызначаць вінаватых, і іншая, калі знойдуць рэальных забойцаў. Увогуле, калі такія справы не раскрываюцца па гарачых слядах, то знайсці злачынцаў праз некалькі гадоў вельмі і вельмі складана. Але, як мне падаецца, справу Шарамета ўсё-такі раскрыюць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя