Алег Волчак: Закон кінулі пад ногі і выцерлі аб яго ногі
Кіраўнік цэнтра “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Волчак пракаментаваў масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія мы бачым апошнім часам.
З пачатку кампаніі па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі заведзена больш за 300 крымінальных спраў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай кампаніі, актывістаў іх штабоў, удзельнікаў мірных акцый пратэсту, паведамляе spring96.org.
Найбольшая колькасць крымінальных спраў заведзена па артыкуле 293 КК РБ (Масавыя беспарадкі).
Алег Волчак: Мяне, як былога следчага, абураюць многія факты, па якіх заводзяць крымінальныя справы. Гэта ўжо проста нейкі фэст беззаконня, калі пад “крыміналку” можна трапіць абсалютна за што заўгодна. Напісаў нешта на сцяне – крымінальная справа. Не там ішоў – крымінальная справа па артыкуле “Масавыя беспарадкі”. Зараз нават калі даткнуўся да супрацоўніка міліцыі, узбуджаюць справу за “супраціўленне ці гвалт над работнікам праваахоўных органаў”. Затое з амаль двух тысяч скаргаў, якія былі пададзены на сілавікоў за збіццё і гвалт мірных людзей, ніводнай крымінальнай справы заведзена пакуль не было.
Таму можна сказаць, што сёння Следчы камітэт фактычна палітызаваўся і займаецца ў асноўным палітычнымі справамі (бо фармальна трэба правесці праверку і па фактах збіцця сілавікамі грамадзян). Гэта крушэнне следчай сістэмы, якая павінна стаяць на варце закона. Я яшчэ здзіўляюся, як юрысты працягваюць працаваць, разумеючы, што за гэтымі ліпавымі справамі хаваецца насамрэч. І гэтыя ж справы затым не спаліш, яны захаваюцца ў архіве.
РР: Рэпрэсіі працягнуцца ці можна чакаць іх спынення?
Алег Волчак: Пакуль будуць працягвацца дэманстрацыі, не спыняцца і рэпрэсіі. Больш за тое – прагназую іх павелічэнне, як павялічыцца і колькасць фігурантаў па справе аб масавых беспарадкаў.
РР: Як вы ацэньваеце практыку, калі ў судах сілавікі, якія сведчаць супраць абвінавачаных, маюць права хаваць сваё прозвішча і не паказваць твар?
Алег Волчак: Вельмі абуральная практыка. Сведкі могуць хаваць твар і не называць прозвішча з адрасам пражывання, калі ідзе разгляд справы, якая тычыцца цяжкіх злачынстваў альбо справа прадстаўляе дзяржаўную тайну.
А якая тайна па адміністрацыйных справах? Чаму міліцыянты хаваюцца за балаклавамі? Гэта абсалютна няправільна, бо парушаецца прынцып раўнапраўя ў судзе. Чаму абвінавачаны павінен называць сваё прозвішча і адрас пражывання, а міліцыянер не павінен? Адным словам, усю гэтую сітуацыю можна ахарактарызаваць коратка: закон кінулі пад ногі і выцерлі аб яго ногі. Пакуль гэта выглядае так.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя