Алег Волчак: Змагацца з нацыяй – гэта злачынна
Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» і былы следчы пракуратуры Алег Волчак пракаментаваў заяву міністра ўнутраных спраў Беларусі.
Міністр унутраных спраў Юрый Караеў звярнуўся да сваіх падначаленых, якіх, відаць, вырашыў падбадзёрыць.
«Вам дадзена права дзейнічаць ад імя дзяржавы, абараняць інтарэсы грамадзян і іх жыцці, – гаворыцца ў звароце Караева. – І памятайце, выконваючы службовыя абавязкі, вы можаце разлічваць на ахову сваіх правоў і законных інтарэсаў. Актыўная пазіцыя МУС і заканадаўства, якое існуе, дазваляюць абараніць гонар і годнасць кожнага з вас».
Алег Волчак: Адзначым, што і Лукашэнка не так даўно казаў пра АМАПаўцаў, што «яны ў сваёй хаце гаспадары». Таму заяву Караева я ўспрымаю, як працяг псіхалагічнага падбадзёрвання сілавікоў. Адкрыта яны не могуць сказаць: «Біце мірных людзей, і вам за гэта нічога не будзе», таму робяць звароты ў іншай форме.
Але супраць каго яны збіраюцца жорстка ўжываць фізічную сілу? Супраць сваіх бацькоў, родных, дзяцей, якія патрабуюць справядлівых выбараў? Супраць жанчын, якія выйдуць падтрымаць Святлану Ціханоўскую?
І шараговыя міліцыянеры павінны ведаць, што ў першую чаргу яны будуць несці персанальную адказнасць за злачынствы. Міністры і высокія чыноўнікі схаваюцца, а стрэлачнікаў заўсёды знойдуць. І тэрміна даўніны ў такіх злачынстваў няма. Сёння на тыя ж мітынгі Святланы Ціханоўскай выходзіць не апазіцыя, а беларуская нацыя, моладзь, будучыня краіны. Змагацца з нацыяй – гэта злачынна.
Але калі няма сапраўднай народнай падтрымкі, то заўсёды звяртаюцца да дубінак і зброі. Іншага выйсця ў іх няма.
РР: Прадстаўніца МУС заявіла, што запісаць такі зварот вырашылі з-за пагроз, якія паступаюць супрацоўнікам міліцыі…
Алег Волчак: І дзе канкрэтныя пагрозы? Чаму не пададуць канкрэтныя факты? У адрас Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай, Валерыя Цапкалы таксама шмат пагроз паступае, дык чаму іх Караеў не бароніць? Яны бароняць больш сябе, а не людзей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя