Алег Воўчак каментуе карупцыйны скандал у медыцыне
Масштабныя затрыманні працягваюцца ў сферы беларускай сістэмы аховы здароўя. Як паведамляе КДБ, у спісе затрыманых – галоўныя лекары некалькіх шравапіталёў, у тым ліку кіраўнік РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, кіраўнік „Іскамед” Сяргей Шакуцін. Акрамя таго, КДБ распавёў аб цэлай сістэме карупцыі ў сферы закупак медыцынскай тэхнікі і лекаў – па гэтай справе затрыманыя ўжо больш за 60 чалавек па ўсёй краіне. У Дзяржаўны бюджэт паводле старшыні КДБ Валера Вакульчыка, вернутыя больш за 15 мільёнаў даляраў.
Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Воўчак тлумачыць, чаму пра гэтую справу шырокаму грамадству паведамілі толькі цяпер:
— Чаму цяпер? Проста ёсць негалоснае ўказанне, наколькі я ведаю, прытрымліваць да вызначанага часу карупцыяйныя справы і даваць ім розгалас толькі ў выключных выпадках. А улічваючы тое, што тут усё ж вялікае кола чыноўнікаў умяшана, было прынятае рашэнне даць розгалас справе.
На думку Алега Воўчака, зараз ідзе барацьба паміж кланамі ў праваахоўных органах: хто знойдзе больш фактаў карупцыі ў медыцыне, таму гэта толькі пачатак маштабнай карупцыйнай справы:
— Я ўпэўнены, што гэта толькі пачатак справы. Можа і дойдуць, калі не да самых галоўных арганізатараў, дык прынамсі падумуцца вышэй на лесвіцы карупцыі. Гэта не барацьба, гэта барацьба з наступствамі.
Як мяркуе Алег Воўчак, за якую сферу дзейнасці чыноўнікаў не ўзяцца, паўсюдна могуць выявіцца падобныя карупцыйныя схемы. І гэта можа адбывацца да таго часу, пакуль грамадства не атрымае сапраўднага кантролю за размеркаваннем грошай з дзяржаўнага бюджэту.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя