Алег Вялаў: Акцыі могуць пайсці на спад, але часова



30-ю базавымі велічынямі па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях пакараны ўдзельнік пратэстаў супраць будаўніцтва акумулятарнага завода з Берасця Алег Вялаў.

Ён апынуўся за кратамі адразу пасля правядзення чарговай акцыі ў нядзелю, 10 траўня. І толькі праз некалькі дзён над ім адбыўся суд, — распавёў сам грамадскі актывіст:

– Сведкамі былі два міліцыянты. На жаль, я не запомніў іх прозвішчы. Таму што ад самага пачатку незаконнага затрымання мы абвесцілі галадоўку, нічога не елі, толькі раніцай гарбату пілі. Трэба прызнацца, я сябе кепска адчуваў. Таму, хто быў сведкамі, я іх прозвішчы не запомніў. У прынцыпе, я ўсё роўна замовіў матывіроўку, там будуць гэтыя прозвішчы.

Як адзначыў Алег Вялаў, на пэўны час акцыі могуць пайсці на спад. Але людзей не зламаць, па завяршэнні эпідэміі пратэсты могуць атрымаць новае развіццё.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце